Галоўны тэзіс Дональда Трампа: Нашым крэда будзе амэрыканізм, а не глябалізм

Дональд Трамп

У чацьвер вечарам у заключнай прамове на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе Дональд Трамп афіцыйна прыняў намінацыю партыі на кандыдата ў прэзыдэнты ЗША.

Галоўным у прамове Трампа стаў тэзіс аб тым, што ён паставіць інтарэсы Амэрыкі вышэй за ўсё і будзе абараняць яе ад замежных і ўнутраных ворагаў. Папярэдзіўшы, што краіна ня можа дазволіць сабе стаць ахвярай палітычнай карэктнасьці, Трамп абвясьціў: «Пакуль Амэрыкай кіруюць палітыкі, якія ня ставяць яе вышэй за ўсё, то можна быць упэўненым, што і іншыя краіны ня будуць яе паважаць. Бясконцыя прыніжэньня, пад якія падпадае наша краіна, спыняцца, калі я стану прэзыдэнтам. Нашым крэда будзе амэрыканізм, а не глябалізм».

Крануўшы становішча ўнутры краіны, кандыдат сказаў: «Амэрыканцы, якія слухаюць маю прамову, бачылі нядаўна на экранах сваіх тэлевізараў акты гвалту на вуліцах нашых гарадоў. Многія сталі відавочцамі гэтых падзей, некаторыя пацярпелі ў выніку гэтых падзей. Я хачу сказаць вам: злачыннасьці і праліцьцю крыві, якія накрылі нашу краіну, хутка будзе пакладзены канец. Я маю намер абараняць усіх амэрыканцаў, уключаючы ЛГБТ-супольнасьць, якая панесла страты ў выніку нядаўняга тэракту, зьдзейсьненага ісламістам у Арланда. Мы больш ня можам дазволіць сабе быць паліткарэктнымі. З 20-га студзеня 2017 году пачнецца аднаўленьне парадку». (Менавіта ў гэты дзень спыняюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта Абамы, і на пасаду ўступае ягоны пераемнік).

Мільярдэр Трамп таксама прадставіў сябе абаронцам інтарэсаў рабочых і сярэдняй клясы. Як ён заявіў, «эканамічныя канфлікты толькі ўзмоцняцца, калі выбары выйграе Гілары Клінтан. Праблемы, якія мы адчуваем, — беднасьць і гвалт унутры краіны, войны і разбурэньні па-за краінай, — застануцца з намі роўна да таго часу, пакуль мы працягваем спадзявацца на палітыкаў, якія гэтыя праблемы спарадзілі. Мой апанэнт на прэзыдэнцкіх выбарах прадстаўляе інтарэсы эліты. Я ж зьяўляюся рупарам забытых людзей».

Дональд Трамп паўтарыў свае даўнія абяцаньні перагледзець замежнагандлёвыя пагадненьні ЗША з краінамі Эўропы, Азіі і Лацінскай Амэрыкі, паменшыць падатковы цяжар, які ляжыць на сярэдняй клясе і бізнэсе, і аслабіць ціск дзяржаўнага рэгуляваньня, якое ён назваў «адной з галоўных перашкод да стварэньня працоўных месцаў». Ён зноў заявіў пра гатоўнасьць пакласьці канец нелегальнай іміграцыі, збудаваць на паўднёвай мяжы краіны сьцяну і рэфармаваць іміграцыйную сыстэму.