Грыбаўскайце: засьцярогі Літвы адносна Беларускай АЭС — абгрунтаваныя

Даля Грыбаўскайце

Інцыдэнты, якія паўтараюцца на Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы непадалёку ад Літвы,паказваюць, што засьцярогі Вільні з прычыны бясьпекі гэтай станцыі абгрунтаваныя, заявіла сёньня прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Пра гэта паведаміў інтэрнэт-рэсурс DELFI.LT.

«Беларусь сыходзіць ад адказаў на пытаньні пра бясьпеку, а не жадае пусьціць назіральнікаў, і гэта выклікае ў нас непакой ўвесь час», — заявіла Грыбаўскайце. «Аварыйныя выпадкі, якія паўтараюцца адзін за адным, паказваюць, што нашыя засьцярогі былі абгрунтаваныя, і таму Літва і ў далейшым будзе імкнуцца разам з міжнароднай супольнасьцю паўплываць, каб патрабаваньні бясьпекі былі гарантавана забясьпечаныя», — сказала літоўскі прэзыдэнт.

Яна заявіла, што ў выпадку, калі Менск ня прыме меры для гарантаваньня міжнародных стандартаў бясьпекі, Літва сумесна з міжнароднай супольнасьцю будзе «шукаць меры, каб не дазволіць гэтай небясьпечнай, калі яна такой застанецца, АЭС ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць».