У Гомелі невядомы напаў на пікет пад нацыянальным сьцягам

Уладзімер Кацора

29 ліпеня ў Гомелі на вуліцы Барыса Царыкава невядомы мужчына напаў на пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты актывіста АГП Уладзімера Кацоры.

Нападнік выхапіў прымацаваны да складнога стэнду з партрэтам патэнцыйнага кандыдата бел-чырвона-белы сьцяг, зламаў дрэўка і сышоў.

«Я зьбіраў сёньня подпісы адзін, — кажа сябра ініцыятыўнай групы Аляксандар Шумілін. — Недзе на пачатку дзевятнаццатай гадзіны падышоў мужчына сярэдніх гадоў нападпітку, стаў чапляцца, што «не з такім сьцягам пікет». А потым нечакана выхапіў сьцяг і дэманстратыўна зламаў дрэўка».

Мабільны тэлефон у Аляксандра да таго часу разрадзіўся, таму ў міліцыю ён пазваніў, калі да пікету падышоў гараджанін са спраўным мабільнікам.

Па словах зьбіральніка подпісаў, двое афіцэраў міліцыі прыехалі хвілін праз сорак пасьля тэлефанаваньня. Паводле яго, лейтэнант, які назваўся Віктарам Старавойтавым, заявіў, што гэта на зьбіральніка подпісаў трэба складаць пратакол, бо стаіць на пікеце «ня з тым сьцягам».

Уладзімер Кацора як прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Гомельскай-Сяльмашаўскай выбарчай акрузе №32, дзе адбыўся напад, кажа, што ў рабочым мікрараёне подпісы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі зьбіраюць на трох пікетах.

«Нейкіх агрэсіўных выпадаў амаль за месяц працы не назіралася. Але варта было ў Менску афіцыйным асобам нэгатыўна выказацца ў СМІ наконт збору подпісаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў сталічным мікрараёне «Сухарава» з удзелам выбітнага сьпевака Лявона Вольскага, як гэта адгукнулася за трыста кілямэтраў. Гэта ж, вядома, маё меркаваньне. Я рыхтую заявы ў міліцыю і акруговую камісію. Спадзяюся, што нападніка знойдуць і прыцягнуць да адказнасьці», — кажа Ўладзімер Кацора.

Пікет месьціўся каля крамы“Эўраопт”. Кацора, і зьбіральнік подпісаў Шумілін мяркуюць, што камэра відэаназіраньня зафіксавала нападніка.