«Пачнём зь дзьвюх...» — у магілёўскай школе стварылі беларускую клясу для дзьвюх вучаніц

Вучаніцы беларускай клясы Тацяна Турандзіна (зьлева) і Эвэліна Самойленка

Першаклясьніцы 34-й магілёўскай школы Тацяна Турандзіна і Эвэліна Самойленка сёньня адзначылі Дзень ведаў у клясе зь беларускай мовай навучаньня. Дзяўчаткі будуць вучыцца ў малакамплектнай клясе 1 «Г».

На школьнай лінейцы дзяўчаткі стаялі разам з настаўніцай Лідзіяй Пятроўнай Ціханоўскай. Дзяўчынак віталі і запрашалі ў іхны клясны пакой па-беларуску.

Беларуская кляса: вучаніцы Эвэліна Самойленка (зьлева), Тацяна Турандзіна (справа) і настаўніца Лідзія Пятроўна Ціханоўская (за вучаніцамі)

На лінейцы Эвэліна трошку паплакала. Тацяна ж была весялейшая. У клясе больш гаваркой была Эвэліна. Тацяна за партай сядзела маўкліва. Абедзьве паслухмяна выконвалі першыя заданьні настаўніцы.

Беларуская кляса на лінейцы

«Я плакала, бо мне было страшнавата бяз мамы», — прызналася Эвэліна.

«Вучыцца будзем добра», — дадала Тацяна, гартаючы кнігі, падараваныя Таварыствам беларускай мовы.

Першы званок для вучаніц і беларускай клясы

«Хвалююся крыху, але ж вельмі чакала дзяўчатак. Настрой вельмі добры, і я шчасьлівы чалавек. Спачатку пачнём зь дзьвюх вучаніц. А потым, я мару пра гэта, будзе больш», — казала Лідзія Пятроўна на пачатку ўроку журналістам.

Таварыства беларускай мовы прэзэнтавала першаклясьніцам беларускія кнігі. Справа кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў

Настаўніца сказала, што па-беларуску дзеці будуць гаварыць тады, калі па-беларуску загавораць у сям’і.

Лідзія Ціханоўская — настаўніца з шматгадовым стажам. Выкладала школьныя прадметы на беларускай і расейскай мовах у пачатковых клясах.

Пакой беларускай клясы з нумарам «31»

Першы ўрок Лідзія Пятроўна для сваіх вучаніц правяла пад назваю «Наш запавет — гэты сьвет берагчы».

Пакой клясы аформлены па-беларуску. Шмат беларускіх кніг. На сьцяне партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Эвеліна і Тацяна — разам за адной зь дзьвюх партаў.

Афармленьне клясы беларускае

Кіраўніцтва навучальнай установы адкрыцьцё малакамплектнай беларускамоўнай клясы лічыць добрым вынікам інфармацыйнай працы і заяўляе, што будзе далей шукаць вучняў. Той жа думкі трымаюцца бацькі, якія наважыліся аддаць сваіх дзяцей у беларускую клясу.

Сям’я Турандзіных — Галіна і Вячаслаў

Сям’я Самойленкаў — Ганна і Юры

Тым часам працягне вучыцца адна ў сёмай клясе першай магілёўскай школы Ялінка Салаўёва. Для яе бацькі не знайшлі аднаклясьнікаў.

Шыльда школы