«На знак салідарнасьці», — старшыня паралімпійскага камітэту Беларусі пракамэнтаваў скандал з расейскім сьцягам

Старшыня паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель пракамэнтаваў інцыдэнт на адкрыцьці Паралімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра, дзе беларускія спартоўцы прайшліся са сьцягам Расеі.

«Гэты жэст сябры беларускай дэлегацыі зрабілі на знак салідарнасьці з расейскімі паралімпійцамі, якія былі адхіленыя ад удзелу ў спаборніцтвах у Рыё без пацьверджаных парушэньняў антыдопінгавых правілаў і пэрсанальнай дыскваліфікацыі», — паведаміў Алег Шэпель у інтэрвію БЕЛТА.

Міжнародны паралімпійскі камітэт мае намер правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да дэлегацыі зборнай Беларусі, адзін зь сябраў якой зьявіўся на цырымоніі адкрыцьця Паралімпіяды з расейскім сьцягам. Раней у МПК папярэдзілі, што падобныя паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст.

У канцы жніўня Фэдэральны суд Швайцарыі адхіліў скаргу Паралімпійскага камітэту Расеі на рашэньне Спартовага арбітражнага суду пра нядопуск расейскіх спартоўцаў да Паралімпіяды ў Рыё.