Славянскі трыкутнік: Расея абвінаваціла Беларусь у рээкспарце сыроў з Украіны

Ілюстрацыйнае фота

Расейскі саюз вытворцаў малака і малочнай прадукцыі «Саюзмалако» накіраваў у «Расспажыўнагляд» і «Рассельгаснагляд» зьвесткі пра рост імпарту сырнай прадукцыі з Украіны ў Беларусь без павелічэньня спажываньня.

На думку экспэртаў саюзу, гэта сьведчыць пра рост тэмпаў рээкспарту тавару ў Расею, паведамляе расейскі профільны партал Milknews.

Як гаворыцца ў тэксьце аналітычнай запіскі саюзу, пачынаючы з другога паўгодзьдзя 2016 году значна вырас экспарт «сырападобной прадукцыі», што адпраўляецца з Украіны ў Рэспубліку Беларусь, і за два мінулыя месяцы — ліпень і жнівень 2016 году — на тэрыторыю Беларусі было ўвезена агулам больш за 4 000 тон такой прадукцыі. У жніўні ў параўнаньні зь ліпенем Беларусь імпартавала з Украіны на 64% больш сыроў.

У саюзе сьцьвярджаюць, што ў цяперашні час з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у Расейскую Фэдэрацыю працягвае ажыцьцяўляцца «пастаянны і бескантрольны ўвоз сырнай прадукцыі, вырабленай на аснове расьлінных тлушчаў украінскага паходжаньня».

У 2014 годзе расейскія ўлады забаранілі ўвоз на сваю тэрыторыю сыроў з Украіны.