Жонка Курманбека Бакіева прызначаная дырэктарам гатэлю «Мінск»

Курманбек Бакіеў з жонкай

Зьмяніўся кіраўнік аднаго з найбуйнейшых гатэляў Беларусі — дырэктарам гатэлю «Мінск» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі цяпер зьяўляецца Назгуль Таламушава. Інфармацыя аб гэтым разьмешчаная на сайце гатэлю.

Вядома, што 38-гадовая Назгуль Таламушава зьяўляецца другой жонкай экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Гатэль «Мінск» пабудаваны ў 1959 годзе. У 1995 годзе ўвайшоў у структуру Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, а ў 2002 годзе гатэлю прысвоілі катэгорыю 4-зоркавага, нагадвае агенцтва БелаПАН.

Зрынуты з пасады прэзыдэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 году Курманбек Бакіеў прыехаў у Беларусь з жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, у жніўні таго ж году ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 году Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прысуджаныя ў сябе на радзіме да пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Кіргіскі бок неаднаразова патрабаваў ад Беларусі затрыманьня і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, але беспасьпяхова.

Your browser doesn’t support HTML5

Бакіеў: Я загад страляць не аддаваў

22 кастрычніка 2015 году экс-прэзыдэнт прадставіў у Менску кнігу ўспамінаў «Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан» з аналізам сытуацыі на радзіме. «Я маўчаў пяць гадоў, ня ўмешваўся ні ў што, — заявіў на прэзэнтацыі Бакіеў. — Але сёньня ўсё нэгатыўнае ў Кыргызстане вешаюць на мяне, маіх блізкіх і, як кажуць», бакіеўскіх «людзей. Я, як зямны чалавек, заслугоўваю крытыкі, але не агульнага ганьбаваньня».

У пачатку 2016 году пасол Кыргызстану ў Менску Кубанычбек Амураліеў заявіў, што праблема Бакіева застаецца на парадку дня беларуска-кіргіскіх адносін. «Гэтая праблема знаходзіцца на парадку дня. Пакуль яна ня будзе вырашацца, яна будзе на парадку дня», — сказаў дыплямат. Ён ня стаў удакладняць, што робіцца для вырашэньня гэтай праблемы.