Мінкульт прыняў бела-чырвона-белы сьцяг і 10 540 подпісаў за яго

«Малады фронт» зарэгістраваў зварот у Міністэрстве культуры аб наданьні бела-чырвона-беламу сьцягу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Як распавёў Свабодзе лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, разам з 10 тысячамі подпісаў, сабраных за месяц шасьцю актывістамі, у Мінкульт падалі і ўласна бела-чырвона-белы сьцяг.

Зьміцер Дашкевіч

«Подпісы прынялі, зарэгістравалі. Патлумачылі, што іх, магчыма дададуць да электронных подпісаў, бо электронны зварот быў аўтаматычна накіраваны 22 кастрычніка, пад ім падпісаліся 2300 чалавек. І плюс 10 540 подпісаў мы прынесьлі. Іх было больш, але адзін наш сябра не дайшоў.

Апроч гэтага, прынялі бела-чырвона-белы сьцяг. Я прачытаў адзін з ранейшых адказаў Мінкульту па гэтай тэматыцы: было напісана, што няма сьцяга, які можна было б паглядзець. Таму да подпісаў мы далучылі сьцяг».

«І гэта ня проста там нейкая пратэставая акцыя, — кажа Дашкевіч пра збор подпісаў на вуліцы. — Сапраўды гэта камунікацыя зь людзьмі, калі тысячы людзей даведваюцца пра сьцяг, пераступаюць праз свой страх, падпісваючы зварот».