Пераможцы і пераможаныя газавага канфлікту

Прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што цана на газ не зьмянілася — 132 даляры за тысячу кубамэтраў. Што атрымала Беларусь дзякуючы сваёй ўпартасьці? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: У мінулую пятніцу ў Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Але, як выглядае, гэта была адна з самых загадкавых сустрэчаў — бо грамадзкасьці не было нічога паведамлена пра зьмест рэальных фактаў і дамоўленасьцяў.

Нешта канкрэтнае паведаміў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрвію тэлеканалу «Мір». Цана на расейскі газ для Беларусі пакуль захоўваецца на ўзроўні 132 даляры за тысячу кубамэтраў, заявіў ён «Але нам падыходзяць іншыя прынятыя спадарожныя рашэньні», — дадаў Кабякоў. Кіраўнік беларускага ўраду адзначыў, што газавую спрэчку ўдалося вырашыць, грунтуючыся на дамоўленасьцях, дасягнутых у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС).

Вядома, паўстае пытаньне — на якіх умовах была вырашаная гэтая газавая спрэчка? У любым выпадку, відавочна, што Менску не ўдалося дабіцца зьніжэньня цаны на газ. У сувязі з сусьветным падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты Менск лічыў справядлівай цану ў 73 даляры за 1000 кубамэтраў. З газавым пытаньнем, а таксама з запазычанасьцю ў памеры 300 млн даляраў ўвязалі і скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь. У адказ Менск на 10 дзён падняў тарыфы на перапампоўку расейскай нафты праз Беларусь, але пасьля таго, як было аб’яўлена пра дасягнутую згоду, адмяніў гэта.

Грамадзтва пакуль нічога ня ведае, як выглядаюць тыя «спадарожныя рашэньні», пра якія казаў Кабякоў. Магчыма, беларускія чыноўнікі баяцца пра іх гаварыць, пакуль гэта не зафіксавана ў пэўных дакумэнтах

Грамадзтва пакуль нічога ня ведае, як выглядаюць тыя «спадарожныя рашэньні», пра якія казаў Кабякоў. Магчыма, беларускія чыноўнікі баяцца пра іх гаварыць, пакуль гэта не зафіксавана ў пэўных дакумэнтах. Магчыма, гэта тычыцца нейкіх інвэстыцый у нафтавую і газавую інфраструктуру Беларусі. Кабякоў сказаў: «Мы знайшлі выхады, перш за ўсё ў падыходах, зыходзячы з тых пагадненьняў, якія падпісаны ў рамках ЭАЭС. Мы павінны выйсьці у 2019 годзе на адзіны рынак электраэнэргіі, ў 2025 годзе — на адзіны рынак нафты і газу». Гэта было абяцана яшчэ падчас стварэньня Эўразійскага саюзу, але гэта тое, што Расея ўвесь час імкнецца адкласьці, перанесьці.

Здаецца, абодва бакі сёньня не імкнуцца распальваць вялікі скандал і вырашылі публічна скончыць газавую спрэчку. Але відавочна. што наконт тых «спадарожных рашэньняў» яшчэ будзе шмат спрэчак, перамоваў — і кропка ў гэтай гісторыі не пастаўленая.

Карбалевіч: З заявай Кабякова ўсё зразумела. Фармальна цэны на газ для Беларусі не памяняліся, бо «Газпром» цяпер вядзе судовыя спрэчкі з некалькімі энэргетычнымі кампаніямі краінаў ЭЗ па цэнах на газ. Таму Масква ня хоча даваць дадатковых аргумэнтаў сваім апанэнтам. А каб зьменшыць нагрузку на Беларусь, Расея паабяцала так званыя «міжбюджэтныя кампэнсацыі». То бок Беларусь атрымае грошы не ад «Газпрому» а ад іншай дзяржаўнай расейскай кішэні.

Але сапраўды, здаецца, нафтагазавая вайна працягваецца... Беларусь адмаўляецца выплаціць доўг за газ, назапашаны з пачатку году.

Але сапраўды, здаецца, нафтагазавая вайна працягваецца. У чым сутнасьць рознагалосьсяў паміж бакамі, можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё, сытуацыя выглядае так. Беларусь адмаўляецца выплаціць доўг за газ, назапашаны з пачатку году. Яго сума, па некаторай інфармацыі, складае ўжо $ 321 млн. Менск увязвае пагашэньне доўгу з падпісаньнем дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць міжбюджэтныя кампэнсацыі Беларусі.

У сваю чаргу Расея лічыць, як заўважыў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч, што гэтыя абавязацельствы Масквы «павінна быць спалучаныя з падпісаньнем пагадненьняў па некаторых іншых тэмах». Верагодна, гаворка ідзе аб згодзе Беларусі ажыцьцяўляць экспартны транзыт нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Менск адмаўляецца падпісваць такі пакет, Масква не аднавіла ранейшы аб’ём паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ.

Былі надзеі, што канфлікт будзе ўрэгуляваны падчас перамоваў Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам РФ Мядзведзевым 28 кастрычніка ў Мінску. Аднак па выніках сустрэчы ніякай інфармацыі пра пераадоленьне рознагалосьсяў не было.

Дракахруст: Яшчэ напачатку нулявых гадоў у Расеі ішлі размовы пра тое, што сыстэма, калі Расея прадае Беларусі танны газ, несучасная, нецывілізаваная і вельмі карупцыягенная. Тады гучалі галасы, што трэба перайсьці на тую сыстэму, якая практыкуецца ў краінах Захаду, напрыклад, у стасунках паміж Злучанымі Штатамі і Ізраілем.

Злучаныя Штаты не прадаюць Ізраілю танна зьнішчальнікі ці нешта іншае — проста ў дзяржаўным бюджэце ЗША запісана, што краіна аказвае Ізраілю дапамогу у памеры пэўнай сумы даляраў. Усім бачна, што ЗША падтрымліваюць свайго саюзьніка, скрасьці там штосьці даволі складана. І магчыма, што Беларусь з Расеяй праз 20 гадоў пераходзяць на такі стыль адносінаў.

Магчыма, гэта сапраўды зьвязана з тым, што Газпрам зараз вядзе няпростыя перамовы з рознымі краінамі, і тут элемэнт шчодрасьці, калі б Беларусі нешта давалася танна, выклікала б у партнэраў Газпраму пытаньні: а чаму нам не даецца?

над усімі вісіць так званы «сьпіс Дварковіча» — пяць беларускіх прадпрыемстваў, якія Расея вельмі хацела б прыватызаваць. Гэта як адзін з варыянтаў расплаты Беларусі за дапамогу фігураваў у адным з праектаў вырашэньня газавай спрэчкі яшчэ летам

Але вы маеце рацыю: пакуль фармат гэтых міжбюджэтных кампэнсацый не зусім зразумелы. Таксама незразумела, што Расея атрымае ў абмен. Масква за бюджэтную дапамогу, гледзячы па ўсім, патрабуе рознага: і транзыту празь расейскія порты, гэта абавязковыя пастаўкі бэнзіну у Расею. Ну і як дамоклаў меч над усімі вісіць так званы «сьпіс Дварковіча» — пяць беларускіх прадпрыемстваў, якія Расея вельмі хацела б прыватызаваць. Гэта як адзін з варыянтаў расплаты Беларусі за дапамогу фігураваў у адным з праектаў вырашэньня газавай спрэчкі яшчэ летам. Магчыма, ён ізноў зьявіцца ў канчатковым варыянце.

Ну і сапраўды дагэтуль нявырашанае пытаньне вяртаньня Беларусьсю таго доўгу, які назапасіўся за 9 месяцаў. Тут не выклікае сумневаў, што гэта Масква ніколі не даруе, яна любым шляхам будзе дамагацца, каб гэтыя грошы ёй заплацілі. Ну а паколькі ў Беларусі не так ужо і шмат козыраў, то за выкананьне гэтага патрабаваньня Беларусь будзе па меншай меры імкнуцца зьменшыць свае абавязкі.

Бо размова ішла пра 20 кастрычніка, потым пра 25 кастрычніка, як дэдлайн выплаты каля 300 мільёнаў даляраў. Сёньня 31 кастрычніка. Гледзячы па ўсім, гэтыя даляры ў Расею не пайшлі.

Цыганкоў: Схема хоць і карупцыйная, але так доўга, 20 гадоў існуе. Дык гэта і лягічны адказ, чаму яна так доўга існуе — менавіта таму, што яна карупцыйная і шмат каму выгодная.