Хакеры атакавалі WikiLeaks пасьля публікацыі перапіскі дэмакратычнай партыі ЗША

Джуліан Асанж, кіраўнік WikiLeaks

Сайт WikiLeaks зазнаў хакерскі напад неўзабаве пасьля публікацыі тысяч дакумэнтаў, якія, паводле дадзеных парталу, зьяўляюцца электроннай перапіскай Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША.

Пра гэта паведамляецца ў Твітэры праекту. Сам партал працягвае працу.

WikiLeaks апошнімі тыднямі публікуе тысячы дакумэнтаў, зьвязаных зь перадвыбарнай кампаніяй у ЗША, у прыватнасьці, перапіску кандыдата ў прэзыдэнты Гілары Клінтан зь яе памочнікамі, уключна з найбліжэйшым дарадцам Джонам Падэстам.

Штаб Клінтан сьцьвярджае, што WikiLeaks атрымлівае дакумэнты ад расейскіх хакераў, зьвязаных са спэцслужбамі, якія ўзломваюць амэрыканскія сэрвэры з мэтай паўплываць на ход выбараў. У самой арганізацыі сьцьвярджаюць, што сайт WikiLeaks ніяк ня зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі.