Дынько падняў руку на Вітушку

Сяргей Дубавец

Кожнаму часу сваё жыцьцё, свой сьвет і людзі свае. Зьмяняецца фармацыя, і чалавек у сваім горадзе сярод сваіх людзей раптам адчуе, што гэта ўжо чужы горад і людзі чужыя. Той, хто любіў свой Менск 1970-х, не гатовы бачыць, зразумець і прыняць яго сёньняшнім.

Салжаніцын, які вярнуўся ў Расею пасьля працяглае эміграцыі, напэўна ж зразумеў, што гэта не Расея, што ён увогуле не вяртаўся, а прыехаў кудысьці не туды. І ідэі ўчорашняга празорцы загучалі як трызьненьне.

Чалавек свайго часу. Калісьці так нарыс маглі назваць і гучала гэта пазытыўна. Сёньня разумееш, што гэта ня добра і ня дрэнна. Ніяк. Пустата. Калі твае каштоўнасьці і ты сам разам зь імі намёртва прышрубаваны да свайго часу, заўтра цябе чакае вялікае расчараваньне. Як цэлую армію камуністаў, якія рэальна верылі ў камунізм, а прачнуліся аднойчы – а нічога няма. Ні камунізму, ні ім самім месца ў новым жыцьці няма. Яны сышлі, як дэкарацыі і героі зьнятага з паказу спэктаклю.

Нацыяналізм часоў Сталіна быў змагарны. Нацыяналізм часоў Брэжнева падобны на бальшавіцкія пастуляты. Нацыяналізм часоў перабудовы сфармаваўся з чалавечым абліччам. Нацыяналізм 2000-х – праектная дзейнасьць. Яны не спалучальныя і ўсе разам шануюць толькі тое, што было і застаецца пазачасавым.

Андрэй Дынько падняў у фэйсбуку хвалю пра Міхала Вітушку – герой ці не герой? Займаў чыны ў нямецкай паліцыі падчас акупацыі, калі паліцыя масава зьнішчала мірнае насельніцтва, ня мог пра гэта ня ведаць. Але, з аднаго боку, Шцірліц таксама шмат чаго ведаў. З другога: герой – катэгорыя эмацыйная. Эмацыйнае паветра нашага жыцьця зьмяняецца да непазнавальнасьці, і цэлыя пантэоны герояў сыходзяць у невараць. Павал Уласаў, Паўка Карчагін, Паўлік Марозаў… Многія ўчорашнія героі ператвараюцца ў карыкатуры, у недарэкаў, у злачынцаў.

У Андрэя атрымалася карысная дыскусія. Ці гераізуецца Вітушка ў цяперашнім эмацыйным паветры? Адно бяда – патрэбныя новыя факты, якіх і старых брак. Усё схавана ад грамадзтва ў архівах КГБ. Эмоцыі без фактаў – пустата або «художественное искусство».

Чалавек свайго часу застаецца ў сваім часе. І толькі носьбіты пазачасавага пераходзяць з фармацыі ў фармацыю, несучы разам з сабою свае каштоўнасьці.

Шкада ўсьведамляць, што мільёны людзей сыходзяць у туман. Як на тым піцерскім плякаце «Нарадзіўся. Пацярпеў. Памёр». Ад мільёнаў не застаецца ні сьледу. Былі яны – не былі. Многія дзеці ня ведаюць, як звалі дзеда. А іхныя ўнукі ня будуць ведаць, як звалі іх.

Жывы рухавік грамадзкай сьвядомасьці – Ніцшава пераацэнка ўсіх каштоўнасьцяў – круціць свой махавік, незалежна ад нашых жаданьняў, перамолваючы і нашы каштоўнасьці, і нашых герояў, і нас саміх. Хто і што застаецца, ня будзе адрынута новым эмацыйным паветрам – кожны раз актуальнае пытаньне. Ці вы застаецеся? Тады, як той казаў, прад’явіце дакумэнты.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.