Крычалка фанатаў «Дынама» прызнаная экстрэмісцкім тэкстам

Пра гэта 16 лістапада паведаміў сайт belultras.by.

«Набыло моц рашэньне суда Цэнтральнага раёну Менску аб прызнаньні экстрэмісцкім тэксту песьні, якую выконвалі фанаты менскага „Дынама“ і іншых клюбаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Гутарка вядзецца пра крычалку на матыў савецкай дзіцячай песьні «Вместе весело шагать». Гэта першы выпадак у практыцы барацьбы з футбольнымі фанатамі, заснаваны на Законе «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» і экспэртным заключэньні Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) ў ёй прыкмет экстрэмізму. Непрымальным суд палічыў тое, што крычалка ўтрымлівае «нацысцкія алюзіі». Напрыклад, «и деревни поджигать лучше ротой...», «Раз убийство, два убийство — демократия. Мы динамовские фанаты — мы каратели!», — сьпяваецца ў ёй.

Крычалка будзе ўнесеная ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Парушальнікаў пакараюць згодна з артыкулам 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.