Беларусь унесла аванс за расейскі газ

Беларусь зрабіла апераджальны авансавы плацёж за пастаўку расейскага газу.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч.

Ён сказаў, што ў кастрычніку 2016 году на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі дасягнуты прынцыповыя дамоўленасьці, а таксама вызначаны канкрэтныя мэханізмы для вырашэньня праблемных пытаньняў у нафтагазавай сфэры.

«Аднак іх рэалізацыя зацягнулася. Беларусь зацікаўленая ў як найхутчэйшым вырашэньні сытуацыі, якая склалася, у сувязі з чым у якасьці першага кроку і жэсту добрай волі ажыцьцявіла апераджальны авансавы плацёж за прыродны газ.

Беларусь разьлічвае на добрую волю ў адказ з расейскага боку ў выглядзе як найхутчэйшага аднаўленьня аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь, вызначаных дзейнымі міжурадавымі пагадненьнямі», — цытуе БелТА Сычэвіча.

Паводле Сычэвіча, беларускі бок спадзяецца, што расейскія партнэры пачнуць практычную рэалізацыю «прынцыповых кастрычніцкіх дамоўленасьцяў, уключаючы пытаньні ўмоваў пастаўкі ў Беларусь прыроднага газу».

Раней віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч паведаміў, што расейскі ўрад атрымаў і абмяркоўвае прапановы Беларусі па газавым пытаньні. Ён таксама адзначыў, што Расея чакае аплаты доўгу, які набраўся дагэтуль, перадае РИА Новости.