Рыгору Грыку паўторна прысудзілі 1050 рублёў штрафу за перадвыбарчы пікет

Пікет з удзелам Рыгора Грыка (у робе) 8 верасьня ў Баранавічах

Баранавіцкі суд прызнаў актывіста Рыгора Грыка вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай масавай акцыі і прысудзіў яму 50 базавых штрафу (1050 рублёў). Грык віны не прызнае́, кажа што ягоны пікет быў перадвыбарчым.

21 сьнежня Берасьцейскі абласны суд адмяніў рашэньне Баранавіцкага суду аб штрафе Рыгору Грыку і накіраваў ягоную справу на паўторны разгляд у той самы суд ніжэйшай інстанцыі.

30 сьнежня Баранавіцкі суд ізноў прыняў рашэньне пакараць штрафам актывіста на тую ж суму, што і першы раз — 1050 рублёў.

Актывіст кажа, што нязгодны з прысудам, бо пікет, за які яго пакаралі, ладзіўся паводле выбарчага заканадаўства ў часе выбараў у Палату прадстаўнікоў:

«На той момант, калі я праводзіў пікет, пакараць мяне магла выбарчая камісія ў Баранавічах. Але прайшло ўжо гэтулькі часу пасьля выбараў, і цяпер проста выконваюць загад пакараць мяне. Гэта парушэньне Канстытуцыі Беларусі і выбарчага заканадаўства», — кажа Рыгор Грык.

Акцыя, за якую пакаралі актывіста, адбылася 8 верасьня ў цэнтры Баранавічаў. Рыгор Грык, будучы даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколы Чарнавуса, зладзіў пікет. Аднак пасьля выбараў на актывіста склалі пратакол за несанкцыянаваную масавую акцыю.