Эстонія і Літва, сьледам за Латвіяй, падпісалі пагадненьне з ЗША пра абароннае супрацоўніцтва

Эстонія і Літва падпісалі 17 студзеня вайсковыя пагадненьні са Злучанымі Штатамі.

Гэта было зроблена для таго, каб фармалізаваць прысутнасьць войскаў ЗША на тэрыторыі гэтых краін, гаворыцца ў паведамленьнях Міністэрстваў абароны Эстоніі і Літвы.

Трэцяя балтыйская краіна, Латвія, падпісала аналягічнае пагадненьне са Злучанымі Штатамі на мінулым тыдні.

Дамоўленасьці маюць палегчыць разгортваньне сілаў ЗША ў гэтых краінах і дазволіць супольныя вучэньні і трэніроўкі.

«Мы зацікаўлены ў працягу прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Літве, таму што гэта складае адзін з ключавых элемэнтаў нашай бясьпекі», — сказаў міністар абароны Літвы Раймундас Каробліс.

ЗША ад 2014 году ўтрымлівае ў Літве роту сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў вучэньнях.

Бакі імкнуліся завяршыць падпісаньне пагадненьняў да інаўгурацыі абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, баючыся, што калі да працы прыступіць новая адміністрацыя, то гэтае пытаньне можа быць адсунутае ў самы ніз парадку дня.

Двухбаковыя пагадненьні аб супрацоўніцтве ў галіне абароны рыхтуюцца з ініцыятывы ЗША. Яны вызначаюць статус вайскоўцаў ЗША і іхных сямейнікаў. У адпаведнасьці з пагадненьнем, ЗША атрымлівае права судзіць вайскоўцаў, якія ўчынілі злачынствы на тэрыторыі краінаў дысьлякацыі, але прадугледжваюцца і выключэньні — краіны дысьлякацыі могуць пераняць юрысдыкцыю ў асабліва важных для іх пытаньнях. Пагадненьні таксама прадугледжваюць права ЗША карыстацца пэўнымі вайсковымі аб’ектамі, якія застаюцца ўласнасьцю краінаў дысьлякацыі амэрыканскіх вайскоўцаў.