Навошта дзяржаўныя прадпрыемствы Магілёва пераходзяць на беларускую мову?

Усьлед за беларускамоўнай сацыяльнай рэклямай на білбордах паволі становіцца болей рэклямы дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не цураюцца ўжываць беларускую мову. Для адных мова — сродак аздараўленьня іміджу, паратунак у крызіснай сытуацыі, для іншых — рэсурс для вылучэньня ў моры расейскамоўнай рэклямы.

У Магілёве першымі пачалі ўжываць беларускую мову ў прасоўваньні сваіх брэндаў і тавараў прыватныя арганізацыі. Замежны бізнэс таксама ўгледзеў для сябе карысьць ад выкарыстаньня ў рэкляме роднай мовы беларусаў. Цяпер эстафэту пераймаюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Чаму і хто?

Сацыяльная рэкляма

Беларуская мова разглядаецца кіраўніцтвам фабрыкі як паратунак

Адно з найстарэйшых прадпрыемстваў гораду — швейная фірма «Вясьнянка» — беларускую мову разглядае як сродак абнаўленьня іміджу. Фабрыка не адзін год змагаецца з эканамічнымі праблемамі, і ейны вобраз у Магілёве далёкі ад пазытыўнага. Гэтага ня ўтойвае выканаўчы дырэктар прадпрыемства Юры Сербін.

«Калі паглыбіцца ў сытуацыю на фабрыцы, то мы знаходзімся ў працэсе эканамічнай няздатнасьці і ідзем шляхам санацыі, — тлумачыць суразмоўца. — Прадпрыемства з дзевяностагадовай гісторыяй ледзьве не збанкрутавала. Таму звонку склалася нэгатыўная аўра пра яго. Патэнцыйныя нашы работнікі, якія б маглі прыйсьці да нас, ужо даўно не разглядаюць фабрыку як аб’ект для заробку».

Паводле суразмоўцы, з ініцыятывы антыкрызіснага кіраўніка фірмы распрацоўваюцца падыходы, каб стаўленьне партнэраў і спажыўцоў прадукцыі прадпрыемства мянялася ў лепшы бок. Беларуская мова і разглядаецца кіраўніцтвам фабрыкі як паратунак. На будынку фабрыкі ўжо вывешаны беларускамоўны плякат з новым рэклямным слоганам прадпрыемства: «І зноў „Вясьнянка“, разам з працай да новага жыцьця!».

Швачкам беларуская мова блізкая і знаёмая

Беларускамоўны плякат на будынку «Вясьнянкі»

«Нэгатыўныя тэндэнцыі вымагаюць дзеяньняў, якія б паказалі, што „Вясьнянка“ жывая. А паколькі назва прадпрыемства беларуская, блізкая да нацыянальнага фальклёру, у ёй адчуваецца подых вясны, ды самі ж мы беларусы, дык лягічна было, што мы прыйшлі да беларускай мовы», — кажа Юры Сербін.

«Галоўнае цяпер — удыхнуць у фабрыку сьвежае паветра, — дадае суразмоўца. — Касьцяк жа калектыву, швачкі, нягледзячы на цяжкасьці, не разьбегліся. Яны гатовыя працаваць і шыць модную прадукцыю. Каб урэшце зьмяніліся ў лепшы бок суадносіны ўласна нашай прадукцыі і той, якую вырабляем на давальніцкай сыравіне. А швачкі — гэта ж простыя людзі, многія зь вёсак, з райцэнтраў, і беларуская мова для іх блізкая, зразумелая, родная. Як, дарэчы, для нас усіх».

На сайце прадпрыемства адзначаецца, што «Вясьнянка» — вядомы і ўсімі любімы беларускі брэнд, ня толькі ў беларусаў, але і ў жыхароў замежжа. Фірма шые адзеньне для ўсёй сям’і, сукні, гарнітуры для жанчын, а таксама вопратку дзелавога стылю для школьнікаў.

Са спажыўцом варта гаварыць на яго роднай мове

Беларусізуе рэкляму прадукцыі і Магілёўскі мясакамбінат. Расейскамоўная гандлёвая марка прадпрыемства «Богатырская еда» замененая на беларускамоўную «Гурмістар». Рэкляма прадукцыі з новым лягатыпам і слоганам «Усё будзе смачна» ўжо зьявілася на білбордах, а рэклямны ролік — у эфіры гарадзкога радыё.

Магілёўскі мясакамбінат

У аддзеле маркетынгу прадпрыемства сказалі, што рашэньне пра перавод рэклямы на беларускую мову было калектыўным. «Са спажыўцом варта гаварыць на ягонай роднай мове», — адзначылі суразмоўцы.

«Сваёй беларускасьцю мы вылучаемся сярод нашых канкурэнтаў і разьлічваем, што пакупнік не праміне вырабленага намі прадукту. Беларус-спажывец, пабачыўшы рэкляму на беларускай мове, успомніць, што яна для яго родная і аддасьць перавагу нашай прадукцыі. У нашым разуменьні беларускамоўная рэкляма — знак спажыўцу, што мы вырабляем прадукцыю якасную і карысную», — тлумачаць маркетолягі мясакамбінату.

Дбаньне пра родную мову — цывілізаваны падыход

Суразмоўцы адзначаюць, што распрацоўкай лягатыпу і слогану займаліся спэцыялісты ў галіне рэклямы. За аснову імі было ўзятае слова «Бурмістар», якое крэатыўна абыгралі і зьмянялі на «Гурмістар».

На прадпрыемстве запэўніваюць, што зьяўленьне беларускай мовы ў апісаньні прадукту ў дадатак да расейскай не прывядзе да падаражаньня прадукту. Там заўважаюць, што замежныя партнэры выстаўляюць патрабаваньні, каб на этыкетцы была іхная мова, і пярэчыць гэтаму ніхто не зьбіраецца.

«Калі мы пастаўляем, напрыклад, прадукцыю ў Расею, то абавязаныя пісаць на расейскай мове. Неўзабаве мы адновім пастаўкі каўбасы ў Казахстан, і патрабаваньне тамтэйшых нашых партнэраў, каб на этыкетцы была казахская мова. Гэта нармальны, цывілізаваны падыход, бо кожны народ дбае пра сваю мову», — выказваюцца маркетолягі мясакамбінату.

Прадукцыя мясакамбінату ў новым беларускім афармленьні

Асноўны рынак збыту прадукцыі мясакамбінату за мяжой — расейскі. Для яго лягатып і слоган будуць расейскамоўнымі. Адзначаецца, што ў Расеі мясная прадукцыя зь Беларусі мае павышаны попыт. Рэгулярныя ж абмежаваньні на яе ўвоз тлумачацца палітыкай і абаронай свайго рынку ад наплыву замежнай прадукцыі.