Лукашэнка загадаў арыштаваць кіраўніка Рассельгаснагляду

Сяргей Данкверт.

Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзій Масквы да беларускіх прадуктаў.

«Ведаеце, рознага кшталту Данквэрты... Нам трэба вывучыць гэтае пытаньне, Ігар Анатолевіч (Шуневіч) і распачаць крымінальную справу, як некалі па Керымаву і Баўмгэртнэру. За нанясеньне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем. Калі ён пабудзе ў СІЗА, ён будзе даваць сабе справаздачу, што ён робіць».

Данквэрт пра заяву Лукашэнкі: «Гэта націск на ўсё ведамства»

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данквэрт расцэньвае заяву прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі як націск ня толькі на яго асабіста, але і на ўсё ведамства ў цэлым.

«Гэта сур’ёзны націск, прычым ня толькі на пазыцыю кіраўніка, але і на ўсю службу ў цэлым», — заявіў Данквэрт «Інтэрфаксу», камэнтуючы заяву Лукашэнкі пра тое, што супраць яго неабходна распачаць крымінальную справу «за нанясеньне ўрону дзяржаве».

Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандр Лукашэнка, камэнтуючы прэтэнзіі Масквы да беларускіх прадуктаў харчаваньня, сказаў, што супраць Данквэрта трэба распачаць крымінальную справу.

Мельянцоў: Данквэрта не пасадзяць

Палітоляг, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў пра заяву Лукашэнкі наконт Данквэрта:

«Хутчэй за ўсё, ніякага перасьледу Данквэрта ў Беларусі ня будзе. Правакацыйная заява Лукашэнкі пра тое, што на Данквэрта варта завесьці крымінальную справу — гэта выключна палітычная заява. Такая асацыяцыя з Баўмгэртнэрам, намёк на тое, што з расейскім функцыянэрам трэба больш паважліва ставіцца да беларускіх чыноўнікаў на перамовах. Гэта палітычнае прывітаньне для Расеі».