Сярэдзіч: «Аляксандар Рыгоравіч добра разумее, што ён ня вечны»

Ёсіф Сярэдзіч.

Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі імя галоўнага рэдактара незалежнай газэты «Народная воля» Ёсіфа Сярэдзіча, свайго былога калегі па Вярхоўным Савеце 12-скліканьня Аляксандар Лукашэнка прыгадаў 19 разоў. Таксама Лукашэнка ўжо другі раз паабяцаў Сярэдзічу асабістую сустрэчу. Мы папрасілі Ёсіфа Сярэдзіча ацаніць вынікі сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка дзяржавы.

— Ці атрымалі вы адказы на тыя пытаньні, якія задалі?

— Па вялікім рахунку, я атрымаў адказы на пытаньні, якія задаваў. Але гэта ня значыць, што на ўсе мае пытаньні былі падрабязныя раздрукаваныя, расшыфраваныя адказы. Павінна быць сустрэча сам насам.

— Вы прасілі пра гэтую сустрэчу на мінулай прэсавай канфэрэнцыі, але яна не адбылася. І цяпер вам паабяцалі. Як вы мяркуеце, ці адбудзецца такая сустрэча?

— Я ўпэўнены, што яна павінна адбыцца, тым больш, што было сказала, што гэта адбылося не па віне таго ж прэзыдэнта, бо ён не атрымаў мой ліст, у якім я нагадваў пра гэтую сустрэчу. Будзем спадзявацца, што так і было. Чыноўнікі ёсьць чыноўнікі, іншым разам яны дзейнічаюць па сваіх нейкіх правілах.

— Аляксандар Лукашэнка часта зьвяртаўся да вас падчас прэсавай канфэрэнцыі...

— Мне ўжо сказалі — 19 разоў.

— Вы задавалі пытаньне пра тое, пад якія крэдыты будуюць катэджы ў Драздах? Ці атрымалі вы адказ?

— Я атрымаю адказ падчас сустрэчы, дзе я канкрэтна назаву прозьвішча таго высокапастаўленага чыноўніка, і тады канкрэтны будзе адказ. Я лічу, што я атрымаў доказы з дакладнай крыніцы, і той чалавек, які мне пра гэта паведаміў, мае непасрэднае дачыненьне, яго подпіс стаіць пад гэтым крэдытам. А ўжо астатняе ўсё няхай даказваюць.

— Вы ці карэспандэнты «Народнай волі» былі на розных сустрэчах з прэзыдэнтам. Што новага прагучала на гэтай прэсавай канфэрэнцыі, з вашага пункту гледжаньня? Якая важная інфармацыя прагучала?

— Я думаю, што многае адрозьнівалася, у тым ліку і тое, што Аляксандар Рыгоравіч добра разумее, што ён ня вечны на гэтай зямлі. Што пройдзе яшчэ некалькі гадоў і трэба будзе разьвітвацца і з уладай, і, не дай Бог, можа, і з жыцьцём. Пасьля 60 ідуць 70, 80 гадоў. А ў нас у Беларусі сярэдні ўзрост не дасягае 90 гадоў. Таму мне здаецца, гэты вопыт жыцьця дае яму падставу і магчымасьць сёньня зьвяртацца да ўсёй грамады, да ўсёй нацыі ўжо з другога пункту гледжаньня. І прыклад нашай сустрэчы выклікае станоўчыя спадзяваньні, што Аляксандар Рыгоравіч думае ня толькі пра сябе, а ён думае пра краіну, думае пра нацыю, думае пра тое, як застануцца пасьля яго яго дзеці, мае дзеці, унукі. Мяне ў прынцыпе нейкім чынам нават радуе. Так і павінен дзяржаўны, высокапастаўлены, самы галоўны чыноўнік-прэзыдэнт і думаць пра будучыню сваю і нашу агульную.

***
Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што гатовы размаўляць з прадстаўнікамі недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, нягледзячы на тое, што яны «фальсыфікуюць факты». Паводле слоў Лукашэнкі, якія цытуе агентва БелаПАН, у яго «закіпаюць жылы», калі ён чытае ў «Народнай волі» праблемныя матэрыялы, а потым па яго даручэньні гэтыя факты правяраюцца і аказваюцца недакладнымі. «Ну навошта ты фальсыфікуеш факты, ставіш нейкіх выдуманых людзей? У гэтай вёсцы і гэтым горадзе няма такіх прозьвішчаў. У мяне вось гэтая часам прэтэнзія», — сказаў ён.

Лукашэнка запэўніў, што гатовы размаўляць з журналістамі, найперш «Народнай волі» і асабіста зь Сярэдзічам, таму што яны калісьці абодва «нікім былі». «Я памятаю, мы з табой цэлы разварот пісалі, — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Сярэдзіча. — І калі ён пайшоў у апазыцыю, я ня мог ніяк зразумець. Думаю, за грошы? Не. Ці, напэўна, ён хацеў вось гэтай свабоды — стварыць сваю газэту. Я памятаю гэтую парлямэнцкую газэту, калі, ну сапраўды, аддушына».

Сярэдзіч у адказ заявіў, што на гэтым у яго адносінах з Лукашэнкам трэба «кропку паставіць». «Не трэба папракаць, што мы, як ворагі краіны, сьпім і бачым, як напісаць артыкул, каб абліць нашу краіну брудам», — дадаў галоўны рэдактар недзяржаўнай «Народнай волі».