Краіны Балтыі будуць дамагацца ад NATO ўзмацненьня бясьпекі праз расейскія вучэньні

Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заяўляе, што краіны Балтыі будуць дамагацца дадатковых мераў бясьпекі ад ЗША і NATO ў сувязі з маштабнымі расейскімі вайсковымі вучэньнямі, якія павінны адбыцца ў верасьні.

«Мы бачым, што рызыкі ўзрастаюць. Мы занепакоеныя вучэньнямі „Захад“ у 2017 годзе, падчас якіх будуць разгорнутыя вялікія і агрэсіўныя войскі ўздоўж нашых межаў, якія дэманстратыўна будуць рыхтавацца да вайны з Захадам», — заявіла Грыбаўскайце 9 лютага пасьля сустрэчы з прэзыдэнтамі Эстоніі і Латвіі ў Рызе.

«Гэта азначае, што мы будзем гаварыць з NATO пра распрацоўку дадатковых плянаў бясьпекі і больш хуткі працэс прыняцьця рашэньняў», — адзначыла Грыбаўскайце.

Вучэньні «Захад» маюць праходзіць у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Расея доўгі час не адказвала, навошта Мінабароны РФ зьбіраецца замовіць у 2017 годзе больш за 4 тысячы вагонаў для вайсковых перавозак у Беларусь. Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін выказваў меркаваньне, што «жарты скончыліся» і расейцы будуць адпрацоўваць пэўнае рэальнае перакідваньне вялікага войска. Пазьней Мінабароны Расеі запэўніла, што абʼём вайсковых чыгуначных перавозак 2017 году параўнальны з абʼёмам перавозак падчас праведзеных на тэрыторыі Беларусі вучэньняў папярэдніх гадоў. У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка выказваў сумневы, што Расея будзе «ваяваць на чыгуначных плятформах».

«Як войскі будуць ўведзеныя, так роўненька адсюль і пойдуць», — што будзе на манэўрах «Захад-2017» і пасьля іх

На пачатку ліпеня 2016 году на саміце ў Варшаве лідэры альянсу пагадзіліся на разгортваньне дадатковых падразьдзяленьняў уздоўж усходняга флянгу абароннага саюзу ў адказ на агрэсіўныя дзеяньні Расеі.

Краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія — выказваюць занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі пасьля анэксіі Масквой украінскага Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе.

Усе тры балтыйскія краіны ўваходзілі ў СССР і далучыліся да NATO ў 2004 годзе. Яны таксама падпісалі з ЗША двухбаковыя пагадненьні аб бясьпецы, якія палягчаюць разгортваньне на іх тэрыторыі войскаў і тэхнікі.

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў саюз NATO «састарэлым», што ўзмацніла неспакой ва ўсходняй частцы Эўропы.