Прафсаюз РЭП сабраў 33 тысячы подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедах

Генадзь Фядыніч

Пра гэта Свабодзе паведаміў сёньня кіраўнік Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч:

«23 тысячы мы маем у электронным выглядзе, 10 тысяч — у пісьмовым.

Копіі 8,5 тысячы пісьмовых подпісаў ужо накіравалі на тры адрасы: у адміністрацыю прэзыдэнта, Палату прадстаўнікоў, ва ўрад.

Найбольшую актыўнасьць праявілі ў Оршы, Бабруйску, Гародні, Гомелі, Менску.

Пакуль ніякай рэакцыі ад уладных структураў мы ня маем. Чакаем, што афіцыйны адказ прыйдзе дзесьці 15 лютага. А 20 лютага — апошні дзень, калі людзі, якія атрымалі так званыя „лісты шчасьця“, могуць сплаціць гэты падатак. У залежнасьці ад таго, як прарэагуюць на нашы звароты ўлады, і будзем дзейнічаць».

Генадзь Фядыніч сказаў таксама, што кіраўніцтва РЭПу прыняла рашэньне аб бліжэйшых маршах супраць падатку на дармаедаў:

«Маршаў, падобна, будзе некалькі. Пакуль агульная думка такая — ня зьвязваць нікому рукі. Кожны наш актывіст сам вызначаецца з удзелам альбо няўдзелам у першых акцыях».