У Берасьці анархістаў затрымліваюць, судзяць і не адпускаюць па завяршэньні тэрміну арышту

Сваякі ды сябры анархістаў чакаюць каля ізалятару

Берасьцейскія анархісты Андрэй Дзенюшкін і Руслан Халікаў сёньня павінны былі выйсьці на свабоду пасьля арышту, але гэтага не адбылося. Мяркуецца, што іх ізноў будуць судзіць.

Сваякі, сябры і праваабаронцы з 15.50 чакалі вызваленьня Андрэя Дзенюшкіна з ізалятару часовага ўтрыманьня. У гэты час скончыўся тэрмін адбыцьця прысуджаных яму 5 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 5 сакавіка ў Берасьці.

Аднак, Дзенюшкін з ізалятару так і ня выйшаў. Ягонай маці паведамілі, што ён ізноў затрыманы. Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што хлопца будуць судзіць ізноў у панядзелак, 13 сакавіка.

Ня выйшаў а 20.25 і Руслан Халікаў, асуджаны таксама за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Сёньня а 22.15 завяршаецца тэрмін адбыцьця 5-суткавага пакараньня і Дзьмітрыя Ляўчука. Праваабаронцы ня выключаюць, што ня выйдзе і ён.

Толькі адзін з чатырох асуджаных анархістаў — Аляксандар Казьлянка — выйшаў з ізалятару напярэдадні, адбыўшы прысуджаныя яму 4 сутак арышту.

Сёньня ў Берасьці да 5 сутак арышту быў асуджаны Андрэй Марач, які напярэдадні прынёс перадачу сваім сябрам. Выйшаўшы з ізалятару, Андрэй быў затрыманы і ноч да суду правёў у пастарунку.

А 18 гадзіне праваабаронцам паведамілі паплечнікі анархістаў, што сёньня быў затрыманы яшчэ адзін актывіст — Канстанцін Копаць. Паводле праваабаронцаў, верагодна, яго таксама будуць судзіць 13 сакавіка.

На ўваходзе на тэрыторыю РАУС узмоцнены кардон