Марзалюк аб пратэсьце ў Магілёве: Сярод удзельнікаў былі турысты і «гастралёры»

Ігар Марзалюк на "Маршы недармаедаў" у Магілёве, 15 сакавіка

Падчас «Маршу недармаедаў» у Магілёве ў сераду да ўдзельнікаў акцыі пратэсту выйшаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Ён прапанаваў прысутным зьвяртацца да яго з пытаньнямі і праблемамі і заклікаў пратэстоўцаў ня весьціся на правакацыі, каб не дапусьціць «страты тэрытарыяльнай цэласнасьці».

Сёньня ў інтэрвію Свабодзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў з Магілёва распавёў, што пагражае беларускай незалежнасьці.

Гурневіч: Ігар Аляксандравіч, патлумачце, калі ласка, як зьвязаныя пратэсты незадаволеных эканамічнай сытуацыя ў краіне людзей з пагрозамі страты тэрытарыяльнай цэласнасьці?

Марзалюк: А вы добра падумайце і паглядзіце, за чые грошы некаторыя картавыя, хранічныя пэрсанажы ўчыняюць гэтыя экшаны. А ўсё астатняе я казаць ня буду, магчыма, гэта няпраўда. Але ёсьць такія дрэнныя зьвесткі.

Гурневіч: А куды, у якую краіну вядзе гэты сьлед?

Марзалюк: Я не хачу нічога гаварыць, бо за кожнае слова я пазьней буду вымушаны несьці пэрсанальную адказнасьць Але няхай 10 разоў падумаюць пра тых людзей, якія распалілі ўжо на суседніх межах вельмі непрыстойныя рэчы, і людзей, якія адштурхоўваюць нас ад Эўропы сваімі дзеяньнямі. Я не кажу пра простых абяздоленых людзей, а пра заўчарашніх пэнсіянэраў, сьпісаных ва ўтыль. Яны ўжо хадзілі і кланяліся на Старую плошчу [У Маскве на Старой плошчы месьціцца адміністрацыя прэзыдэнта Расеі — РС] і ў Кіеў. Яны пачуюць і зразумеюць. І вы выдатна разумееце, пра каго я кажу

Гурневіч: А якое вы бачыце выйсьце з гэтай сытуацыі, калі ёсьць сацыяльны выбух і пагроза незалежнасьці, і яны, паводле вас, узаемазьвязаныя?

Марзалюк: Няма ніякага сацыяльнага выбуху. Са 100 ці нават з 300 чалавек толькі 40 засталося са мной гаварыць. А праблемы з працай былі толькі ў сямі, і большая частка зь іх не магілёўцы. Гэта турысты і «гастралёры». Разумееце? Таму выбуху няма.

Гурневіч: Але ёсьць факт: незадаволеных людзей шмат. Што вы ім прапануеце і як працуеце зь імі?

Марзалюк: А вось так і працуем. Я выйшаў і працаваў. І дэкрэт мы зьмяняем, і ўсё астатняе робім. Не хвалюйцеся. Мы не дапусьцім ні да страты тэрытарыяльнай цэласнасьці, ні да крыві, ні да грамадзянскай вайны. Не на тых трапілі. Беларусь не Ўкраіна.