Нявеста Лазоўскага: Міраслава прывялі ў крыві і ў кайданках

Міраслаў Лазоўскі (кадр зь перадачы тэлеканалу Белсат)

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь нявестай затрыманага ўчора Міраслава Лазоўскага Сьвятланай.

Нявеста Міраслава Лазоўскага Сьвятлана плача, узгадваючы тое, як учора ўвечары людзі ў цывільным і двое ў чорнай вопратцы ды ў масках на тварах прывезьлі Міраслава дамоў і праводзілі ператрус.

«Быў зьбіты, твар у крыві. Завялі ў кайданках і пасадзілі на зэдлік тварам да сьцяны. Дазволілі толькі даць папіць, размаўляць не дазволілі».

Паводле Сьвятланы, на час ператрусу былі запрошаныя ў якасьці панятых дзьве суседкі. З забраных рэчаў Сьвятлана памятае кампутар, усе грошы («сямейныя назапашваньні»), ейны пляншэт. «Сказалі, што для праверкі».

Таксама былі забраныя «нейкія рэчы з сымболікай Украіны» і шэўрон арганізацыі «Белы легіён».

Паводле Сьвятланы, чалавек, які праводзіў ператрус, пацьвердзіў, што ён зьвязаны з заклікамі да ўзброенай барацьбы, якія зьявіліся ў інтэрнэце нібыта ад імя Міраслава Лазоўскага.

«Ягоны акаўнт у Фэйсбуку быў узламаны, зьявіўся гэты заклік, да якога ён ня мае дачыненьня. Яму званілі сябры і пыталіся, ці ты ведаеш пра гэта, што ад твайго імя распаўсюджваюць? Ён ведаў, а што зробіш?»

Сьвятлана ня ведае, дзе цяпер трымаюць яе любімага чалавека, і кажа, што вельмі за яго непакоіцца.