Старшыню «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча выключаюць з БДУ

Юрась Лукашэвіч

Зьвязаныя з вучобай праблемы ў першакурсьніка гістарычнага факультэту БДУ Юрася Лукашэвіча ўпершыню зьявіліся пасьля інтэрвію Свабодзе. Апошняй кропкай стаў пратакол за ўдзел у абароне Курапатаў.

«Пасьля першай сэсіі ў мяне застаўся „хвост“, была пераздача лацінскай мовы. Стварылі камісію, я здаваў іспыт не на сваім факультэце, а на філялягічным. Пераздаў, атрымаў адзнаку, і сэсія была закрытая. Акурат перад гэтым я даў інтэрвію Свабодзе, дзе расказаў пра сваю палітычную дзейнасьць у „Моладзі БНФ“. Тады намесьніца дэкана Лілія Бярэйшык стала зьвяртаць на мяне ўвагу, казала, што я атрымліваю замежныя гранты, раздаю шмат інтэрвію», — сказаў Лукашэвіч.

Пасьля таго, як першая сэсія была пасьпяхова здадзеная, актывіст вырашыў узяць акадэмічны адпачынак — былі праблемы ў сям’і, унівэрсытэт ня даў інтэрнату, не было магчымасьці ў час заплаціць за навучаньне і здымную кватэру. Хлопец падаў заяву пра «акадэмку», але, не дачакаўшыся адказу, даведаўся, што мае ажно дзьве вымовы: адну за пропускі, другую на падставе пратаколу зь міліцыі за ўдзел у абароне Курапатаў.

Аб пратаколе на факультэт паведаміла міліцыя. Ён быў складзены 23 лютага паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КоАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). У ноч на 23 лютага адбыўся напад на лягер абаронцаў Курапатаў, Лукашэвіч знаходзіўся сярод іх. Пратакол склалі ў міліцыі, калі хлопец пісаў заяву аб нападзе. Не чакаючы суду, адміністрацыя факультэту вырашыла пакараць Лукашэвіча, аб’явіўшы вымову.

Юрась Лукашэвіч (зьлева) у лягеры абаронцаў Курапатаў 25 лютага 2017 году

З ініцыятывы намесьніцы дэкана Ліліі Бярэйшык была скліканая пэднарада, на якой, апроч яе, прысутнічалі прадстаўнікі БРСМ ды іншых саюзаў унівэрсытэту, а таксама куратар Лукашэвіча.

«На пэднарадзе зачыталі вытрымкі з пратаколу, які быў на мяне складзены за абарону Курапатаў. Пасьля на падставе гэтага пратаколу і прапушчаных заняткаў мне аб’явілі вымову. На гэтым жа паседжаньні я даведаўся, што ў мяне, аказваецца, ёсьць яшчэ адно адміністрацыйнае спагнаньне — пісьмовая заўвага, датаваная кастрычнікам 2016 году. Раней я пра гэта нічога ня ведаў. У кастрычніку сапраўды была сытуацыя, што я прапусьціў некалькі гадзін, але я пісаў тлумачальную запіску і пытаньне нібыта было вырашана».

20 сакавіка Лукашэвіча выклікала да дэкана і аб’явілі, што «рыхтуюцца дакумэнты для яго адлічэньня».

Юрась Лукашэвіч на ганку гістфаку БДУ

«Я згодны, што былі пропускі заняткаў у лютым і сакавіку, калі я пераздаваў лацінскую мову, таму адну вымову я, напэўна, заслужыў. Але другую вымову далі беспадстаўна. Яна грунтуецца на тым, што ёсьць паведамленьне зь міліцыі, што я ўчыніў дзеяньне, за якое можа быць адміністрацыйнае пакараньне (удзельнічаў у абароне Курапатаў). Але ж суду не было. Можа, на ім бы я даказаў сваю невінаватасьць. Ды і ўвогуле, сьмешна і сумна: студэнта спэцыяльнасьці «Музэйная справа і ахова культурнай спадчыны» караюць за ахову Курапатаў.

Намесьніца дэкана гістарычнага факультэту БДУ Лілія Бярэйшык пацьвердзіла Свабодзе, што адміністрацыя разглядала дакумэнт зь міліцыі пра ўдзел Юрася Лукашэвіча ў абароне Курапатаў і прыйшла да высновы, што яго трэба адлічыць. Яна дадала, аднак, што вырашальную ролю тут адыграла не папера зь міліцыі, а пропускі Лукашэвічам заняткаў і неўнясеньне платы за навучаньне своечасова:

«Паведамленьне зь міліцыі пра ягоны ўдзел у мерапрыемстве каля Курапатаў мае тут другаснае значэньне. Найперш мы кіруемся тым, што ў яго шмат пропускаў заняткаў. Ён прынёс мэдыцынскую даведку, але яна не закрывае ўсіх праблемаў з пропускамі. Зь міліцыі прыйшоў ліст пра тое, што ён учыніў дзеяньне, за якое можа быць адміністрацыйнае пакараньне. З улікам гэтых фактараў мы разгледзелі на прафіляктычнай нарадзе справу Юрася і прыйшлі да высновы, што ў нас няма падставы ня верыць афіцыйнаму дакумэнту зь міліцыі. Мы разгледзелі гэты дакумэнт і вырашылі, што з улікам пропускаў і адсутнасьці аплаты за навучаньне такі крок (адлічэньне. — Р.С.) будзе тут дарэчным. Нават калі суд разгледзіць пратакол за ўдзел у мерапрыемстве каля Курапатаў і зробіць выснову, што Лукашэвіч не вінаваты, у яго шмат пропускаў. Гэта тут галоўная праблема».

Юрась Лукашэвіч на Нямізе зьбірае подпісы супраць вучэньняў «Захад-2017»

Бярэйшык дадала, што ніколі не рабіла заўваг Лукашэвічу наконт ягонай палітычнай актыўнасьці і інтэрвію, якія ён даваў незалежным мэдыя. Выкладчыкі яго характарызуюць як здольнага студэнта, які мае высокі патэнцыял.

Таксама яна патлумачыла, што Лукашэвіч пасьля адлічэньня можа паспрабаваць аднавіцца праз год.