Нявеста Данілава: ператрус у кватэры цягнуўся 20 гадзінаў, падчас маніпуляцыяў са зброяй дадаўся аўтамат

Віктар Данілаў. Кадар зь відэарэпартажу БТ

Юля Букштановіч, нявеста затрыманага Віктара Данілава, распавяла пра ператрус у іхнай кватэры, які пачаўся ў 0.40 22 сакавіка, а скончыўся каля 8 гадзінаў вечара.

«Дома я была з маці, Віктара не было. Уначы зазваніў дамафон, папрасілі адчыніць дзьверы пад’езду, маўляў, трэба суседзям перадаць паперу. Адчынілі. Тады пачалі грукаць у нашы дзьверы. Чалавек назваўся супрацоўнікам КДБ, паказваў у вочка пасьведчаньне, але яго было дрэнна відаць. На маю маці ў пад’езьдзе двойчы нападалі невядомыя, яна цяпер усяго баіцца. Мы сказалі, каб пачакалі, паклічам міліцыю, „тым больш вы нас ужо падманулі з суседзямі“. Потым раздаўся голас, што нібыта прыехаў міліцыянт. Назваўся, але мы пазванілі ў міліцыю, там сказалі, што яшчэ іхныя людзі не прыехалі. Зноў падман. Таму дзьверы мы так і не адчынілі, а яны пачалі ламаць. Зламалі каробку, адчынілі дзьверы, уварваліся — два зь іх у масках, нас з маці паклалі на падлогу. Сталі казаць, што мы нібыта укрываем сьляды злачынства. Потым пачалі ператрус, які цягнуўся фактычна з ночы да вечара наступнага дня».

Што забралі з кватэры?

Юля пералічвае рэчы, якія забралі сьледчыя КДБ:

«Гэта некалькі муляжоў гранат, у тым ліку пафарбаваная ў белы колер, якую паказалі на БТ. «Гэта фактычна сувэніры, без запалаў. У іх асадкі былі ўторкнутыя. Адна дымавая шашка», — кажа дзяўчына.

Яшчэ, паводле яе, забралі некалькі кніг, брашур, сьцягоў. Пра забраную зброю Юля ведае наступнае:

«У Віктара ў сэйфе былі дзьве стрэльбы, ствол (проста мэталічная трубка) і муляж аўтамата. Стрэльбы зарэгістраваныя, гэта я дакладна ведаю — Віктар паказваў мне дакумэнты. Захоўвалася ўсё ў сэйфе, як мае быць. Гэта ўсё дасталі з сэйфа, апісалі, упакавалі, склалі сьпіс, але потым пачаліся маніпуляцыі са зброяй. Віктара на той момант дома не было, ён ужо быў затрыманы. Нам так сказалі. Тады прывялі яго і пачалі браць у яго тлумачэньні. Мы яго ня бачылі, але чулі ягоны голас. Як казаў, што стрэльбы зарэгістраваныя, што гранаты — муляжы, што сьцягі і шаўроны зьбірае для калекцыі. Яны ўсё гэта запісвалі і Віктара кудысьці павезьлі. Але ператрус працягваўся. Недзе па абедзе прыходзяць і кажуць, што зноў на хвілінку прывязуць Віктара, трэба нешта спытаць. Тады, відаць, яго распытвалі на камэру. Я праз зацемненую шыбу дзьвярэй бачыла толькі сылюэты і словы „Крупным планом“. Потым чула задаволенае хіхіканьне. Яшчэ чула, як яму загадвалі адказваць толькі „так“ ці „не“, нічога не дадаваць. А калі гэта зноў пачыналася, дык яны бегалі туды-сюды і распакоўвалі рэчы, якія ўжо запакавалі. У выніку, калі мы з маці правяралі забраныя рэчы, дык на адзін аўтамат аказалася больш. Прычым у сьпісе яго не было, дык потым перапісвалі цэлую старонку. У зброі я не асабліва разьбіраюся, але дакладна ведаю, што ў Віктара ўсё было зарэгістраванае і той новы аўтамат, які зьявіўся, не ягоны».

Юля расказала, што ведае пра дачыненьні мужа з клюбам «Патрыёт». Яна ня ведала назву клюбу і ўвогуле ня ведала, што гэта быў клюб, але пацьвердзіла, што яе жаніх захапляўся вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкай, бываў у летніку.

«Туды і я да яго езьдзіла. Гэта было ўлетку, было вельмі цікава, жылі ў намёце, ежу гатавалі на агні», — прыгадала Юля. Пра дачыненьні Віктара з былой арганізацыяй «Белы легіён» дзяўчына, паводле яе, нічога ня ведае.

Таксама супрацоўнікі КДБ забралі ў кватэры Юлі Букштановіч грошы.

"У нас захоўваліся бабуліны грошы, яна зьбірала. Іх зьнялі з рахунку, ёсьць даведка. Мы самі паказалі грошы сьледчым і сказалі, што гэта бабуліны. Але ўсё забралі. Сказалі, калі дакажаце, што гэтыя грошы належаць бабулі, дык аддадуць",— паведаміла нявеста затрыманага Віктара Данілава.