Новае расейскае пакаленьне: «Гэта наша краіна»

Томскі 11-клясьнік Сяргей Чайкоўскі і Аляксей Навальны на адкрыцьці штабу апазыцыйнага палітыка ў горадзе, 17 траўня 2017

Настаўнік з Томску назваў сваіх вучняў, якія выйшлі на мітынг супраць карупцыі, «лібэрал-фашыстамі» і «здраднікамі». Адзін зь іх адказвае: «Мы паважаем іншае меркаваньне, але гэта наша жыцьцё і наша краіна. Мы хочам, каб нас пачулі».

Пасьля мітынгаў прыхільнікаў Аляксея Навальнага, якія адбыліся 26 сакавіка ў дзясятках расейскіх гарадоў, адной з найбольш абмяркоўваных тэм стала таямнічае «пакаленьне Z». Шматлікія сьведчаньні відавочцаў; узрост многіх затрыманых на несанкцыянаваных акцыях у Маскве і Пецярбургу; «Урокі палітінфармацыі» у школах і ВНУ, навіны пра якія зьяўляліся ўвесь мінулы тыдзень, — усё гэта пацьвярджае, што істотную частку пратэстоўцаў склалі хлопцы і дзяўчаты ва ўзросьце 16-20 гадоў. Для іх пратэсты супраць карупцыі сталі першымі ў жыцьці мітынгамі, на якія яны захацелі выйсьці. Чаго ад іх чакаць далей?

Радыё Свабода паразмаўляла з вучнем томскай гімназіі № 2, 17-гадовым 11-клясьнікам Сяргеем Чайкоўскім (ягоныя бацькі ня мелі нічога супраць інтэрвію). У чацьвер Сяргей перадаў журналістам відэазапіс з «антыэкстрэмісцкага ўроку», які правёў для ягонай клясы выкладчык гісторыі і асноваў бясьпекі жыцьцядзейнасьці (АБЖ) Віталь Хаванскі. Пяцёра вучняў гімназіі, у тым ліку аднаклясьнікі Сяргея Чайкоўскага, удзельнічалі ва ўзгодненым з уладамі мітынгу «Ён нам не Дзімон» супраць карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах расейскай улады. Настаўнік назваў іх «лібэрал-фашыстамі» і «здраднікамі», прапанаваўшы наўзамен сваю карціну сьвету, у якой лібэралізм быў названы «свабодай недачалавека, які знаходзіцца на жывёльнай прыступцы разьвіцьця».

"Антыэкстрэмісцкі ўрок" у томскай гімназіі №2, настаўнік Віталь Хаванскі

— Першае пытаньне — пра ўчорашні ўрок. Калі мы апублікавалі расшыфроўку гэтага ўроку, некаторыя камэнтатары напісалі нам, што такі чалавек — Віталь Пятровіч Хаванскі — у гэтай гімназіі не працуе. Я пайшоў на сайт гімназіі і выявіў, што за ноч хтосьці сапраўды выдаліў зь яго амаль усе навіны, дзе згадваецца Хаванскі. Гэта ён правёў урок?

— Так, настаўнік менавіта гэты. Пра тое, што былі выдаленыя ўсе навіны зь ім, я нават ня ведаў. Цяпер вось упершыню пачуў. Я ў прынцыпе разумею, навошта так зрабілі. Цяпер гэтая гісторыя набыла вялікі розгалас у грамадзтве. Учора, калі я пісаў пост на сваёй старонцы «Укантакце», нават выказаць здагадку ня мог, што ўсё прывядзе да такіх наступстваў.

— Якія наступствы былі ў гэтай гісторыі — для вас, для настаўніка, для дырэктара? Вас нехта выклікаў на размову ці, наадварот, вы прыйшлі абмеркаваць гэта яшчэ раз з дырэктарам самі? Што кажуць у школе?

— Сёньня, наколькі я ведаю, гэтага настаўніка не было ў школе. Я падыходзіў да дырэктара гімназіі, пастараўся папрасіць прабачэньня за тое, што так падставіў гімназію, дырэктара і ўсіх выкладчыкаў. Потым у школу прыехалі журналісты з тэлеканалу «Продвижение». Узялі інтэрвію ў мяне, іншых вучняў гімназіі і, наколькі я ведаю, у дырэктара школы. Хацелі яшчэ пагаварыць з настаўнікам АБЖ, але ня ведаю, чым гэта скончылася.

"Антыэкстрэмісцкі ўрок" у гімназіі №2:

— Гэты «ўрок» стаў для вас шокам?

— Для мяне шокам стала яго фраза, што лібэралізм — гэта фашызм. Я ня думаю, што ён гэтай фразай хацеў назваць нас, сваіх вучняў, якія прытрымліваюцца лібэральных поглядаў, фашыстамі. Хутчэй за ўсё, ён як выкладчык, які нясе адказнасьць за нас, хацеў папярэдзіць і зьберагчы сваіх вучняў ад таго, што ён лічыць злачынствам. А я наадварот, лічу гэта неабходнымі дзеяньнямі. Калі ён прытрымліваецца кансэрватыўных поглядаў, то калі ласка. Гэта яго меркаваньне, і я паважаю яго меркаваньне, незалежна ад таго, якое яно. Але, напэўна, даваць такія ацэнкі і параўноўваць лібэралізм з фашызмам ня трэба. Гэта як мінімум крыўдна і непэдагагічна.

— Калі і як у вас сфармаваліся погляды, пра якія вы кажаце?

— Напэўна, пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў канцы 2013-га — пачатку 2014 году. Тады пачалася Алімпіяда, далучылі Крым да Расеі. Усе вакол радаваліся гэтаму, а я чамусьці задумаўся, а навошта ўсё гэта? Хутчэй за ўсё, з тых часоў я і пачаў цікавіцца палітыкай.

— Вашы бацькі падзяляюць вашыя погляды?

— Мае бацькі маюць погляды зусім супрацьлеглыя маім. Калі я пачаў цікавіцца палітыкай і выказваў бацькам свой пункт гледжаньня, мяне часьцяком не падтрымлівалі. Да мяне часта спрабавалі данесьці ’’правільную’’ пазыцыю. Але хачу сказаць, што мае бацькі выдатныя людзі. Калі яны зразумелі, што я вырашыў заняцца гэтым сур’ёзна, яны пагадзіліся і падтрымалі мяне. Але параілі быць больш асьцярожным. І я іх разумею, яны вельмі перажываюць за мяне.

— Ці шмат вучняў у школе падзяляюць ваш пункт гледжаньня, ці многія былі на мітынгу?

— У школе ёсьць вучні, якія падзяляюць мае погляды. Ад агульнай масы гэта працэнтаў 10-15. Большасьць вучняў наогул не цікавяцца палітыкай. Ёсьць, вядома, і тыя, хто не падзяляе лібэральныя і дэмакратычныя погляды. У нашай клясе ёсьць яшчэ тры хлопцы, якія падтрымліваюць мае палітычныя погляды. А адзін, наадварот, прытрымліваецца камуністычных поглядаў. І я паважаю яго меркаваньне. Мы часта абмяркоўваем нейкія праблемы з дзьвюх пазыцый. А з усёй школы на мітынгу было чалавек 5-6. Прычым усе — хлопцы. Дзяўчат з нашай гімназіі я там ня бачыў.

— Пасьля мітынгаў 26 сакавіка ў расейскіх гарадах многія назіральнікі пачалі казаць пра «новае пакаленьне», прадстаўнікі якога выйшлі на вуліцы і плошчы. Што ў публікацыях і сеткавых дыскусіях на гэтую тэму адпавядае рэчаіснасьці, а што — поўная лухта? (Калі меркаваць па вас і самых блізкіх вашых сябрах, якіх вы параўнальна добра ведаеце.)

— За гэты час я пасьпеў прачытаць шмат розных артыкулаў пра ’’дзяцей’’, якія былі на мітынгу 26 сакавіка. Аўтары некаторых артыкулаў кажуць, што гэта ўсяго толькі дзеці, якія жыцьця ня бачылі і нічога ня ведаюць. А Навальны з дапамогай іх хоча зладзіць Майдан у Расеі. Па мне, гэта і ёсьць поўная лухта. Мы, дзеці канца 90-х — пачатку 2000-х, дзеці новага нафтавага буму, у якіх ёсьць шмат матэрыяльных дабротаў, выйшлі на вуліцу ня толькі для таго, каб атрымаць адказы ва ўладаў, але і для таго, каб заявіць, што ў нас таксама ёсьць сваё меркаваньне. Гэтак сама і мае сябры. Яны хочуць жыць у лепшых умовах, чым цяпер. Менавіта для гэтага мы і заяўляем пра сябе. Гэта наша жыцьцё, гэта наша краіна. Мы хочам дыялёгу зь дзеючай уладай, а не майдану. А ўлада стараецца заткнуць нас і працягвае чыніць свае злачынствы супраць народу. Мы ўсяго толькі хочам, каб нас слухалі.

— Ці адыграла сваю ролю тое, што вы ня бачылі за сваё жыцьцё ніякага іншага кіраўніка краіны, акрамя Пуціна, — аб гэтай асаблівасьці вашага пакаленьня шмат хто кажа.

— Так, думаю, гэта таксама адыграла сваю ролю, хоць адзін час прэзыдэнтам быў Дзьмітры Мядзьведзеў, але што з таго? Трэба было паказаць народу, што ў нас нібыта зьмяняльнасьць улады, але народ усё зразумеў. І менавіта таму народ выйшаў на Балотную ў 2012 годзе.

— Вы кажаце, што хочаце толькі «дыялёгу з уладай». Калі пройдуць гады, а гэты дыялёг так і не пачнецца — ці разглядаеце вы для сябе тэарэтычную магчымасьць перайсьці да нейкіх больш рашучых дзеяньняў?

— Думаю, нават гады не патрэбныя. Калі ў сакавіку 2018 году мы ня зможам дамагчыся сумленных выбараў, то я гатовы перайсьці да рашучых дзеяньняў. Балотную ніхто не адмяняў.

— Але ж Балотная была мірным пратэстам, там першапачаткова не плянавалася сутыкненьняў з паліцыяй, яны былі справакаваныя самой паліцыяй. Ці вы не падзяляеце гэты пункт гледжаньня?

— Так, Балотная была мірнай акцыяй. Я якраз за мірныя акцыі такога маштабу. Наша ўлада, на мой погляд, разумее толькі, калі заявіць аб сваёй незадаволенасьці гатовая большасьць насельніцтва.