У Чачні запатрабавалі заблякаваць доступ да карыкатураў «Charlie Hebdo»

Рамзан Кадыраў

Пракуратура Чачні запатрабавала заблякаваць доступ да апублікаваных у сеціве карыкатур з францускага сатырычнага часопіса «Charlie Hebdo» на тэму перасьледу геяў у рэспубліцы. У ведамстве лічаць, што малюнкі абражаюць рэлігійныя пачуцьці вернікаў і могуць прывесьці да распальваньня варожасьці.

Пазоў пададзены ў Ленінскі раённы суд Грознага, піша інтэрнэт-выданьне «Кавказский узел». Паводле яго зьвестак, пракуратура не ўдакладняе, які менавіта рэсурс яна патрабуе заблякаваць за публікацыю карыкатураў.

Раней «Charlie Hebdo» прысьвяціў сэрыю карыкатураў тэме перасьледу геяў у Чачні. Пэрсанажам адной зь іх стаў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.

Аб масавых затрыманьнях, катаваньнях і забойствах геяў у Чачні расейская «Новая газета» пісала ў красавіку. Улады рэспублікі абвінавацілі журналістаў у паклёпе.

У студзені 2015 году ў Парыжы ў выніку страляніны ў рэдакцыі «Charlie Hebdo», загінулі 12 чалавек. Ісламісты, якія ўчынілі напад, заявілі, што напад на часопіс быў помстай за карыкатуры на прарока Мухамада. Згадваўся часопіс і ў справе аб забойстве Барыса Нямцова. Падчас допыту абвінавачаны ў злачынстве былы баец батальёну «Север» МУС Чачні Заур Дадаеў назваў прычынай забойства падтрымку Нямцовым апублікаванай «Charlie Hebdo» карыкатуры на прарока Мухамада.