У Мінпрыроды заяўляюць, што справа супраць іхнага кіраўніка не пашкодзіць форуму Эспо ў Менску

Ілюстрацыйнае фота. Гатэль «Пэкін» у Менску, дзе пройдзе форум Эспо

Першая намесьніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна адказала на пытаньне Свабоды, якім чынам адхіленьне ад пасады кіраўніка згаданага ведамства Андрэя Каўхуты і крымінальная справа супраць яго паўплывае на працу беларускіх дэлегатаў нарады Канвэнцыі Эспо.

Сёмая сэсія Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце (скарочана Канвэнцыя Эспо) адбудзецца ў Менску 13–16 чэрвеня, удзел у ёй пацьвердзілі прадстаўнікі дзяржаўных структураў і грамадзкіх арганізацый з 45 краінаў сьвету.

Адхілены за службовы падлог міністар значыўся сярод кіраўнікоў беларускай дэлегацыі.

«Гэта ніякім чынам не паўплывае на падрыхтоўку да нарады бакоў, — запэўніла фактычная кіраўніца прыродаахоўнага ведамства. — Міністэрства працуе ў штатным рэжыме; усе пытаньні, якія тычацца падрыхтоўкі беларускай дэлегацыі, на сёньняшні дзень цалкам узгодненыя. Таму я ня думаю, што варта засьцерагацца нейкіх наступстваў».

У Сьледчым камітэце пацьвердзілі, што Андрэй Каўхута адхілены ад працы, але не арыштаваны. Супраць яго і шэрагу іншых чыноўнікаў заведзеная справа за службовы падлог.

У сакавіку КДБ і Дзяржкантроль выявілі факты «незаконнага атрыманьня бюджэтных сродкаў» НПЦ геалёгіі, западозрылі чыноўнікаў у зрыве дзяржаўных праграмаў у абароне флёры і фаўны і пошуках каштоўных выкапняў.

Да 2015 году Каўхута быў генэральным дырэктарам НПЦ геалёгіі, да таго — дырэктарам Беларускага геолягавыведнага інстытуту і дырэктарам Беларускага дзяржаўнага геалягічнага цэнтру. Цягам 2004-2010 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара дэпартамэнту геалёгіі пры Міністэрстве прыроды.