Сэнатары ЗША дамовіліся наконт законапраекту аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі

Сэнатары ЗША 12 чэрвеня абвясьцілі пра двупартыйнае пагадненьне аб законапраекце, які прадугледжвае новыя санкцыі супраць Расеі за яе ўмяшаньне ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, у той жа час заканадаўча замацоўваючы і цяперашнія санкцыі за агрэсію Расеі ва Ўкраіне.

Дэмакраты і рэспубліканцы з камітэту міжнародных адносінаў і банкаўскага камітэту пагадзіліся з папраўкай, якая будзе дадавацца да законапраекту аб санкцыях у дачыненьні Ірану, які таксама накладзе на Расею новыя санкцыі за парушэньні правоў чалавека і прадастаўленьне зброі ўраду прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада.

Што да санкцыяў, зьвязаных з выбарамі, то яны будуць тычыцца «асобаў, якія ажыцьцяўляюць зламысную кібэрактыўнасьць ад імя ўраду Расеі», гаворыцца ў кароткім тлумачэньні да законапраекту.

Двупартыйная папраўка таксама прадугледжвае прымяненьне існых санкцый, уведзеных у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, пры ўмове, што Кангрэс зможа разгледзець і патэнцыйна заблякаваць любыя спробы Белага дома зьмякчыць такія санкцыі ў дачыненьні Расеі.

«Кадыфікуючы існыя санкцыі і патрабуючы ад Кангрэсу перагляду любога рашэньня аслабіць або ўзмацніць іх, мы гарантуем, што Злучаныя Штаты будуць працягваць караць прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна за ягоныя безразважныя і дэстабілізуючыя дзеяньні», — сказаў лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр. Ён дадаў, што новыя санкцыі таксама адправяць Расеі ад Вашынгтону «магутную і двупартыйную заяву».

Чакаецца, што галасаваньне наконт папраўкі адбудзецца разам з галасаваньнем пра законапраект аб санкцыях у дачыненьні Ірану ўжо на гэтым тыдні.

ЗША, Эўрапейскі саюз ды іншыя краіны «Групы сямі» скаардынавана наклалі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу зьвязаных з уладай Расеі фізычных і юрыдычных асобаў, а таксама да некаторых сэктараў расейскай эканомікі некалькімі пакетамі. Дзеяньне гэтых санкцыяў пэрыядычна падаўжаюць праз агрэсію Масквы супраць Украіны ў Крыме і на частцы Данбасу.

Лідэры краінаў «Групы сямі» на саміце ў канцы траўня таксама выказалі гатоўнасьць увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, калі яна і ў далейшым не будзе выконваць сваіх абавязаньняў наконт Украіны згодна зь менскімі дамоўленасьцямі.