Апублікаваны графічны раман паводле Быкава

Саюз беларускіх пісьменьнікаў выдаў да дня народзінаў пісьменьніка Васіля Быкава графічны раман паводле апавяданьня пісьменьніка «Сваякі».

Кніга з ілюстрацыямі мастака Яна Жвірблі выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор», прадаецца ў дзяржаўных і прыватных кнігарнях.

«Жорсткі твор Васіля Быкава пра тое, як маці, паспадзяваўшыся на сваяцтва зь вясковым паліцаем, неўпрыцям адпраўляе двух сыноў на сьмерць, праілюстраваны гэтак жа бязьлітасна востра, — апісвае графічны раман СБП. — Экспрэсіўныя, натуралістычныя і поўныя трагізму малюнкі мастака нагадваюць, што гэта зусім ня просьценькі комікс для дашкольнікаў, а паўнавартасны графічны раман».

Жанр графічнага раману не атрымаў шырокага распаўсюду ў Беларусі, хоць яскравыя прыклады былі, як «Дзікае паляваньне» 1990 году з малюнкамі Адама Глобуса і Ўладзімера Сьцяпана паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча або фантастычны комікс «Дзе жывуць бурсонікі» 1992 году.

Сяргей Харэўскі — пра кнігі, аздобленыя беларускімі мастакамі, чые карціны варта павесіць у сябе ў офісе і кватэры