Магілёўскі суд пакараў журналіста за супрацоўніцтва зь беластоцкай газэтай «Ніва»

Уладзімер Лапцэвіч

Ленінскі суд Магілёва пакараў журналіста Ўладзімера Лапцэвіча за супрацоўніцтва з газэтай беларусаў Польшчы «Ніва» на 45 базавых велічыняў (1035 рублёў). Судзьдзя Алена Літвіна прызнала яго вінаватым у вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

На пазаштатнага карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Ленінскі аддзел міліцыі Магілёва склаў 7 пратаколаў аб парушэньні ім закону «Аб сродках масавай інфармацыі». Падставай для адміністрацыйнага перасьледу сталіся зьвесткі з падатковай інспэкцыі, што Ўладзімер Лапцэвіч плаціць падатак за ганарары, атрыманыя з газэты «Ніва».

«Гэта спроба ўціску і перасьледу мяне як журналіста ў Беларусі», — пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Літвіной Уладзімер Лапцэвіч. Ён назваў прысуд глупствам, якое, паводле яго, праваахоўныя органы пачалі з ініцыятывы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

«Наўрад ці ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў ведаюць пра тыднёвік беларусаў Польшчы „Ніва“, — сказаў ён.— Большага глупства з боку нашай дзяржавы, чым забараняць чалавеку распаўсюджваць інфармацыю, уявіць цяжка».

Сваёй віны журналіст не прызнаў. Прасіў суд спыніць працэс з прычыны адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях правапарушэньня. Падаў даведку, якою рэдакцыя газэты «Ніва» інфармавала, што ня мае зь ім працоўнай дамовы і што ён не карэспандэнт выданьня.

Лапцэвіч казаў, што дасылаў у замежную газэту лісты з аглядам беларускага інтэрнэту, і рэдакцыя выданьня сама вырашала, ці публікаваць іх.

Мне спрабуюць забараніць распаўсюджваць інфармацыю.

«Мне спрабуюць забараніць распаўсюджваць інфармацыю, — казаў ён на судзе, — нягледзячы на тое, што права на распаўсюд інфармацыі мне гарантавана законам і ратыфікаванымі Беларусьсю міжнароднымі прававымі актамі».

Журналіст вінаваціў міліцыянтаў, што яны, распачаўшы супраць яго адміністрацыйны перасьлед, праігнаравалі норму, закладзеную ў закон аб СМІ, паводле якой журналіст ня можа вырабляць прадукцыі СМІ, бо гэта прэрагатыва рэдакцыі выданьня як юрыдычнай асобы.

«Пісаць лісты ў замежныя выданьні — станоўчы момант для Рэспублікі Беларусь, асабліва калі гэта тычыцца выданьня беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, — казаў суду Ўладзімер Лапцэвіч. — З маіх лістоў беларусы Польшчы знаёміліся зь беларускім інтэрнэтам, бачылі жыцьцё ў Беларусі вачыма тутэйшага беларуса. Калі ня будзе аўтараў, якія пішуць у газэту „Ніва“, то выданьне зьнікне. Такім чынам могуць зьнікнуць і беларусы ў Польшчы. Гэта дужа важны зьнешнепалітычны момант, таму дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ня проста бессэнсоўныя ў жаданьні мяне пакараць, але яны супярэчаць палітыцы нашай дзяржавы, скіраванай на падтрыманьне беларусамі сваіх суайчыньнікаў у Польшчы».

За час, пакуль міліцыянты зьбіралі зьвесткі супраць журналіста, справа прыпынялася. У пастанове аб прыпыненьні справы адзначаецца, што «неабходна ўстанавіць, ці зьвязаны працоўнымі адносінамі з рэдакцыяй замежнага сродку масавай інфармацыі Лапцэвіч, бо гэта ёсьць абавязковай прыкметай правапарушэньня». Урэшце сьведчаньнем наяўнасьці гэтай прыкметы суд прызнаў падатковую дэклярацыю журналіста.