«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адкідаў нідзе не існуе. А кепскія існуюць», — экспэрт пра пляны на могільнік у Беларусі

Як вынікае з прэс-рэлізу беларускага Міністэрства энэргетыкі, цяпер вядзецца распрацоўка «канцэптуальнага праекту» магільніку нізка- і сярэднеактыўных радыяактыўных адкідаў БелАЭС, якую плянуюць запусьціць ужо праз два гады.

Чаму задумаліся толькі цяпер?

Пазыцыя Беларусі наконт захаваньня радыяактыўных адкідаў называлася розная. У 2008 годзе гаварылася, што захоўваць на тэрыторыі краіны будуць у тым ліку высокаактыўныя адкіды, у 2012-м ужо казалі, што ніякіх адкідаў на тэрыторыі краіны захоўваць ня будуць, у 2013-м гаварылася пра складаваньне сярэдне- і нізкаактыўных адкідаў на Беларусі і перапрацоўку высокаактыўных у Расеі.

Могільнік радыяактыўных адкідаў у Беларусі збудуюць толькі к 2030 году, — Мінэнэрга

У 2015-м была зацьверджаная «Стратэгія абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі» (PDF), дзе зноў гаварылася пра могільнік для ў тым ліку высокаактыўных радыяактыўных адкідаў, і на той могільнік меркавалася патраціць 60 млн даляраў.

Андрэй Ажароўскі, архіўнае фота

«Агульная практыка любых атамшчыкаў — гэта намагацца ў момант прыняцьця рашэньня аб будаўніцтве атамнай станцыі паменей казаць аб радыяактыўных адкідах і аб тым, што зь імі рабіць, бо абыходжаньне з радыяактыўнымі адкідамі — рэч дарагая і небясьпечная і ні ў адной краіне сьвету да канца ня вырашаная», — кажа Свабодзе інжынэр-фізык, экспэрт Расейскага экалягічна-сацыяльнага саюзу Андрэй Ажароўскі, якому за «дробнае хуліганства» падчас удзелу ў мерапрыемствах Беларускага антыядзернага руху быў на 10 гадоў забаронены ўезд у Беларусь.

Прыкладаў добрага захаваньня радыяактыўных адкідаў няма

«Добрых пунктаў захаваньня радыяактыўных адкідаў цяпер нідзе не існуе, — заяўляе Ажароўскі. — А кепскія існуюць.

Магу назваць аб’ект Asse II у Нямеччыне, дзе ў 1960-я пачалі захоўваць сярэдне- і нізкарадыяактыўныя адкіды ў саляных шахтах — і цяпер там ёсьць працёкі. Яны вымушаныя выпампоўваць некалькі кубамэтраў радыяактыўнай вады штодня.

Складаваньне ня выканала сваю ролю, не ізалявала радыяактыўныя адкіды ад навакольнага асяродзьдзя. У Расеі я нядаўна быў побач з горадам Обнінскам, дзе працавала першая ў сьвеце атамная станцыя — яе адкіды дагэтуль ляжаць сховішчах, што працякаюць, на беразе ракі Пратва. Думалі, што сховішча будзе бясьпечным...

На сховішчы адходаў Asse II у Нямеччыне, ілюстрацыйнае фота

Прычына простая: спачатку атамная станцыя пачынае работу, потым назапашваецца нейкая колькасьць радыяактыўных адкідаў, толькі потым іх трэба складаваць. Гэта палітычная маніпуляцыя, калі пры рашэньні пра будаўніцтва атамнай станцыі пра адкіды не казалі.

Мы ў беларускай антыядзернай кампаніі якраз гэтае пытаньне падымалі. У заключэньні Грамадзкай экалягічнай экспэртызы (DOC) напісана, што мы хочам бачыць доўгатэрміновы плян, хоць нейкія разьлікі ў абыходжаньні з экалягічнымі адкідамі.

Мы ведаем, што Літва свае адкіды з закрытай Ігналінскай АЭС зьбіраецца разьмяшчаць пакуль проста на прамысловай пляцоўцы. І некаторы час беларускае сховішча радыяактыўных адкідаў будзе разьмяшчацца проста на пляцоўцы Беларускай АЭС.

А пастаяннага доўгатэрміновага рашэньня ў сьвеце не існуе. Працягваюцца нават спрэчкі, якая парода для зьмяшчэньня лепшая: граніты, гліны, саляныя пласты... Ня думаю, што Беларусь вельмі багатая на гранітныя масівы, дзе можна будаваць доўгатэрміновыя пункты складаваньня, таму ў прынцыпе гэта можа быць зроблена ў любым месцы. Таксама, як усунулі гэтую АЭС пабліжэй да Вільні, хутчэй за ўсё, сховішча адкідаў будзе проста там, каб мінімізаваць выдаткі на перавозку».

Расея верне Беларусі перапрацаваныя высокаактыўныя адкіды

«Па-другое, рашэньня наконт абыходжаньня з высокаактыўнымі радыяактыўнымі адкідамі цяпер няма, — працягвае Ажароўскі. — У крайнім выпадку мо на нейкі час вывезуць адпрацаванае ядзернае паліва на перапрацоўку ў Расею. Але расейскае заканадаўства прадугледжвае вяртаньне другасных адкідаў перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва назад у краіну паходжаньня. Гэта значыць, у Беларусь.

Акрамя месца разьмяшчэньня нізка- і сярэднеактыўных адкідаў, пра якое мы цяпер гаворым, Беларусі давядзецца думаць і пра абыходжаньне з высокаактыўнымі адкідамі: як гэта будзе адбывацца, ці будзе гэта часовае сховішча, як у Нідэрляндах, ці будуць гэта спробы закапаць кудысьці, як гэта адбываецца цяпер у Фінляндыі, мы ня ведаем».

Справа на пару мільярдаў, а не на дзясятак мільёнаў даляраў

«Трэба, каб улады гэта ўсё пралічылі, — дадае Ажароўскі. — Для двухблёкавай станцыі кшталту беларускай ацэнка ўсяго кошту абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі дае суму 1–2 млрд даляраў.

Акцыя пратэсту супраць сховішча радыеактыўных адходаў у Нямеччыне, 2010 год, ілюстрацыйнае фота

Гэта немалыя грошы. Цяпер беларускія ўлады, безумоўна, будуць спрабаваць „прадаваць па частках“, выдаваць нейкае маленькае часовае сховішча за канчатковае рашэньне. Гэта мы праходзілі.

Але пытаньне менавіта ў тым, што ў Беларусі не атрымаецца пазбавіцца адкідаў. Калі станцыя пачне працаваць, у чым я асабіста сумняваюся, то многім пакаленьням беларусаў давядзецца жыць у краіне, дзе знаходзіцца небясьпечнае сховішча радыяактыўных адкідаў».