Сьледчыя адмовіліся заводзіць крымінальную справу супраць амапаўцаў, якія зьбілі Дзядка

Мікола Дзядок, архіўнае фота

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок атрымаў са Сьледчага камітэту адмову ў завядзеньні крымінальнай справы па факце ягонага зьбіваньня 25 сакавіка супрацоўнікамі АМАП, перадае «Новы час».

Адмову абгрунтоўваюць «адсутнасьцю складу злачынства». Дзядок жа мяркуе, што «адказ быў заканамерны, бо ўлады не здаюць сваіх», але абяцае працягваць змагацца «юрыдычнымі мэтадамі» і, калі гэта спатрэбіцца, давесьці справу аб арышце і зьбіваньні да Камітэту правоў чалавека пры ААН.

У «хапуне» на Дзень Волі 25 Сакавіка 2017 году Дзядок падчас затрыманьня быў моцна зьбіты і з траўмай галавы трапіў у шпіталь, дзе яго сьцераглі міліцыянты. 29 сакавіка перад выпіскай яму ўручылі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі і са шпіталю павезьлі ў суд. За кратамі ён правёў 10 сутак. Назіральнікі за працэсам адзначылі, што ў прызначаны судом тэрмін не ўвайшлі 4 дні, якія Мікалай Дзядок прабыў фактычна пад вартай у шпіталі.

***

27 траўня 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У справе таксама праходзілі Ігар Аліневіч (асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандар Францкевіч (3 гады). 4 сьнежня 2012-га суд пастанавіў накіраваць Дзядка ў крытую турму за «парушэньні дысцыпліны». У кастрычніку 2011-га праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітычнымі зьняволенымі.