Утылізацыя беларускіх яблыкаў на расейскай мяжы. Фатафакт

Belarus - Polygon destruction sanctions products near Smolensk, 14Jul2017

Менскі грузаперавозчык Сяргей Штода падзяліўся фатаздымкам, які са Смаленскай мытні даслаў калега.

Пасьля праверкі ягоную фуру з грузам яблыкаў загналі на палігон зьнішчэньня санкцыйных прадуктаў, яблыкі выкінулі і раздушылі бульдозэрам.

Кіроўца сьцьвярджае, што яблыкі — беларускія, леташняга ўраджаю, суправаджальныя дакумэнты былі ў парадку. Аднак расейскія мытнікі западозрылі, што накладныя несапраўдныя, а садавіна насамрэч «прывезеная з Польшчы». На гэтай падставе пастанавілі ўтылізаваць усю партыю.

Сяргей Штода днямі сам вярнуўся з расейскай мяжы і кажа, што для перавозчыкаў цяпер яна ўмацаваная больш, чым з Эўразьвязам:

Сяргей Штода

«Цяпер там усё мадэрнізавалі. І калі раней можна было кардоны праскочыць, то цяпер усе грузавыя аўтамабілі заганяюць у „рукавы“, нават могуць адправіць на рэнтген. Плюс наставілі платоў, каб немагчыма было разьвярнуцца. То бок альбо наўпрост, альбо на стаянку. Калі аднойчы кіроўца пайшоў на разварот і пратараніў машыну АМАПу, па колах стралялі — памежнікаў узброілі аўтаматамі».

Паводле грузаперавозчыка Сяргея Штоды, Масква рыхтуе новыя абмежавальныя захады ў адносінах да беларускіх пастаўшчыкоў — у прыватнасьці, больш жорсткі кантроль за знаходжаньнем у памежнай зоне:

«Ад 1 кастрычніка, каб знаходзіцца ў памежнай зоне, трэба будзе браць дазвол у аддзяленьні ФСБ у Смаленску. На мяжы пішаш заяву, потым едзеш у Смаленск, і толькі з атрыманым дазволам маеш права знаходзіцца ў памежнай зоне. І гэта для „братоў-беларусаў“».

Сяргей Штода часьцяком езьдзіць у Расею і рэгулярна сутыкаецца з «прысудамі» харчам (найперш гэта тычыцца садавіны і гародніны), якія незаконным, як падазраюць расейскія кантралёры, чынам увозяцца празь Беларусь з краінаў Эўразьвязу — маўляў, парушаецца харчовае эмбарга, уведзенае ў адказ на эўрапейскія санкцыі супраць Масквы:

«Вось яна, Эўропа па-расейску... У сьвеце каму такое паказаць? Людзі зададуць пытаньне — навошта выкідаць на сьметнік, душыць гусеніцамі? Няўжо цяжка толкам праверыць, а не махаць адразу шашкай? Адпраўце ў дзіцячы дом, навошта зьнішчаць? Зрэшты, яны разумеюць: уладальнікі пачнуць судзіцца, калі беспадстаўна канфіскуюць грузы. А так зьнішчылі — і ўсё, ніякіх сьлядоў...»

Два гады таму набыў моц указ прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна пра барацьбу з санкцыйнымі таварамі. Ад таго часу спыненыя і зьнішчаныя тысячы тон расьліннай і жывёльнай прадукцыі, якая падпадае пад расейскае эмбарга ў адказ на санкцыі Захаду за расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

У розных рэгіёнах Расеі рэгулярна адбываюцца паказальныя расправы над таматамі, пэрсікамі, сырамі, тушкамі гусей і курэй. Акцыі пратэсту ў розных гарадах Расеі ды сотні тысяч подпісаў супраць барбарскай утылізацыі плёну ня мелі — санкцыйныя харчы па-ранейшаму душаць каткамі і паляць у адмысловых печах.