Начальнік генштабу ўкраінскай арміі: вучэньні «Захад 2017» маюць наступальны характар

Віктар Мужэнка

Віктар Мужэнка, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, заявіў, што беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017», заплянаваныя на верасень, зьяўляюцца «спробай ціску» на Ўкраіну і краіны-ўдзельніцы NATO і пагражаюць «дэстабілізацыяй сытуацыі» ў рэгіёне.

У інтэрвію інтэрнэт-рэсурсу Ліга.net Мужэнка сказаў, што «стварэньне вайсковай групоўкі [для вучэньняў — РС] на тэрыторыі Беларусі носіць наступальны характар». І дадаў:

«Мы не выключаем такога варыянту, што пад выглядам вучэньняў „Захад-2017“ у Беларусі будуць створаны перадавыя базы ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, што дасьць Расейскай Фэдэрацыі магчымасьць пры неабходнасьці ў кароткія тэрміны стварыць новыя групоўкі».

На думку Мужэнкі, у вучэньнях возьмуць ўдзел «значна больш» чым пяць тысяч расейскіх вайскоўцаў. Ён таксама адзначыў:

«Самыя вучэньні „Захад-2017“ не абмяжоўваюцца тэрыторыяй Беларусі, плянуецца комплекс вучэньняў: стварэньне адпаведных груповак, перадысьлякацыя вайсковых частак, і на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ў тым ліку, і ўздоўж мяжы з Украінай».