На Гомельшчыне рыхтуюць акцыі супраць перасьледу лідэраў прафсаюзу РЭП

Актывіст прафсаюзу РЭП Адам Варанец

«Улады помсьцяць незалежнаму прафсаюзу за падтрымку сёлетніх пратэстных акцыяў насельніцтва супраць „дармаедзкага“ дэкрэту № 3, а заадно й папярэджваюць „гарачую восень“», — кажа заяўнік пікету ў Добрушы Адам Варанец.

Паводле інфармацыі Гомельскай арганізацыі прафсаюзу РЭП, акцыі салідарнасьці зь незалежным прафсаюзным рухам Беларусі маюць зладзіць у Буда-Кашалёве, Жлобіне, Калінкавічах, Мазыры, Акцябрскім.

Сэрыю пікетаў замаўляюць актывісты ў Гомлі. У Добрушы актывіст прафсаюзу РЭП замовіў пікет пратэсту.

Заяўку на пікет супраць умяшальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці падаў у Добрускі райвыканкам мясцовы актывіст Адам Варанец. Ён — сябра прафсаюзу РЭП, настаўнік-пэнсіянэр, чарнобыльскі ліквідатар, адзін з заснавальнікаў Беларускай партыі «Зялёныя».

«Прафсаюз наш хочуць трымаць на кароткім павадку. Лічу, што з гэтай прычыны й распачаты крымінальны перасьлед лідараў нашага прафсаюзу Генадзя Фядыніча й Ігара Комліка. Улады помсьцяць незалежнаму прафсаюзу за падтрымку сёлетніх пратэстных акцыяў насельніцтва супраць „дармаедзкага“ дэкрэту № 3», а заадно й папярэджваюць"гарачую восень", — кажа заяўнік пікету Варанец.

У Добрускім раёне чальцоў прафсаюзу РЭП небагата — крыху больш за дзясятак. Пікет яны праз Адама Варанца замаўляюць на 27 жніўня каля мясцовага рынку. Просяць райвыканкам даць на яго дазвол і распарадзіцца пра ахову грамадзкага парадку, мэдычнае абслугоўваньне і ўборку тэрыторыі.