Трамп пра канфлікт з КНДР: «Ваенныя рашэньні — у поўнай гатоўнасьці»

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зноў папярэдзіў пра магчымасьць «ваеннага рашэньня» паўночнакарэйскай праблемы, калі ўлады КНДР будуць «паводзіць сябе неразумна».

«Ваенныя рашэньні — у поўнай гатоўнасьці,» — напісаў Трамп ў сваім твітэры. «Спадзяюся, што Кім Чэн Ын абярэ іншы шлях».

Прэзыдэнт ЗША і высокапастаўленыя прадстаўнікі ягонай адміністрацыі падвяргаюць Паўночную Карэю ўсё больш вострай крытыцы ў адказ на выпрабаваньні міжкантынэнтальных балістычных ракет, якія праводзіць гэтая краіна.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заявіў, што ў адносінах з Паўночнай Карэяй ён заўсёды будзе адданы ідэі перамоваў. Паводле яго слоў, аднак, Пхэньяну варта «вельмі, вельмі нэрвавацца», калі б там вырашылі прычыніць шкоду Злучаным Штатам.

8 жніўня Трамп заявіў, што ЗША адкажуць «агнём і лютасьцю» на паўночнакарэйскія пагрозы на адрас Злучаных Штатаў. Заява прэзыдэнта прагучала пасьля публікацыі ў газэце The Washington Post — у яе інфармацыі прыводзіліся высновы аналітыкаў амэрыканскай вайсковай выведкі аб тым, што Пхэньяну ўдалося стварыць мініятурную ядзерную боегалоўку, якая можа быць выкарыстана ў балістычных ракетах.

Пасьля гэтага прадстаўнікі войскаў Паўночнай Карэі заявілі 9 жніўня, што «старанна вывучаюць» пляны ракетнай атакі па ціхаакіянскім востраве Гуам.

Яны прайграюць любую гонку ўзбраеньняў ці канфлікт, які распачнуць.

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў 9 жніўня, што Паўночная Карэя «павінна спыніць любы разгляд дзеяньняў, якія прывядуць да канца рэжыму і зьнішчэньня народу».

«Дзеяньні рэжыму КНДР будуць значна пераўзыдзеныя нашымі, і яны прайграюць любую гонку ўзбраеньняў ці канфлікт, які распачнуць,» — гаворыцца ў ягонай заяве.

У мінулую суботу Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні санкцый супраць КНДР у адказ на выпрабаваньні міжкантынэнтальных балістычных ракет.