Душа ў расейскай мове, але гэтая мова не «российская». Цытаты Лукашэнкі пра мову з пачатку 2017 году

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага 2017 году

У інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» 13 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня можа гаварыць па-беларуску, бо «ў беларускай не заўжды можна знайсьці патрэбныя для размовы словы».

Свабода нагадвае выказваньні Лукашэнкі пра расейскую і беларускую мову з пачатку 2017 году. Лукашэнка ня раз выказваўся пра тое, што расейская мова — «свая» для беларусаў, беларуская ж не зусім паўнавартасная, але яе нельга забываць, бо яна нацыянальная і адна зь дзяржаўных.

13 жніўня ​

  • «Расейская мова сёньня — гэта дабро для нас».
  • «Я часта пра гэта кажу, што беларуская мова параўнальна маладая. Бо ў шмат якіх пытаньнях, тэмах, асабліва ў тэрміналёгіі (фізыка, хімія, матэматыка), у нас папросту няма адпаведных паняцьцяў у беларускай мове».
  • «Тыя, хто крытыкуюць сёньня расейскую мову, яны, можа, і не праціўнікі яе, а проста такім чынам хочуць падняць беларускую мову да ўзроўню расейскай мовы».

12 ліпеня

  • «Хачу падкрэсьліць, што расейская мова для нас не чужая. Гэта і наш нацыянальны здабытак. Беларусы за сваю шматвяковую гісторыю ўнесьлі немалы ўклад у яе разьвіцьцё, узбагацілі яе. І сёньня ў нашай краіне яна мае статус дзяржаўнай нароўні зь беларускай мовай».
  • «Расейская мова — гэта мая расейская мова. Гэта жывое. І ў ёй унёсак ня толькі рускіх людзей. Гэта зусім іншая расейская мова, куды ўплеценыя норавы, характары, талерантнасьць у тым ліку беларускага народу. Яна разьвівалася зь веку ў век. Наша мова, расейская мова, на якой размаўляюць расейцы, беларусы, украінцы і многія іншыя, — гэта спляценьне душаў многіх народаў».
  • «Расейская мова — гэта наша мова. Вы (наведнікі Кангрэсу расейскай прэсы ў Менску. — РС) прыехалі ў краіну, дзе шануюць, паважаюць, размаўляюць і думаюць па-расейску. Мы, вядома, вельмі рады, што паралельна мы зрабілі нямала для таго, каб на той жа ўзровень, на якім знаходзіцца расейская, падняць і беларускую мову. Мы шмат робім. І вас гэта зусім не павінна насьцярожваць. Гэтым мы будзем і багатыя».
  • «Страціць сёньня расейскую мову — гэта страціць сваю гісторыю, сучаснасьць і, упэўнены, сваю будучыню. Мы ад яе ніколі не адмаўляліся і не адмовімся. Больш за тое, будзем заўсёды за яе змагацца».

26 траўня

  • «Я катэгарычны праціўнік навязваньня вучням нейкай дзяржаўнай мовы, у нас іх дзьве — расейская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці расейскай ён будзе вывучаць. Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы... Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў побыце, на расейскай мове. Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Ня ведаю. Ня думаю, што гэта катастрофа».
  • «Гэта наша мова (расейская. — РС). Мы на гэтай мове стагодзьдзямі размаўлялі, — сказаў кіраўнік краіны. — Мы гінулі за гэтую мову».
  • «Праўда ў тым, што ў нас ёсьць і другая мова, якая нас адрозьнівае ад іншых народаў. Бо дзяржава і народ маюць пэўныя асаблівасьці, у тым ліку сваю мову. Калі народ мае сваю мову, значыць, гэта народ. У нас такіх дзьве. Мы багатыя».
  • «Ад неразуменьня моўных праблемаў часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна».
  • «Вядома, як прэзыдэнт Беларусі я вельмі хацеў бы, каб мы больш выкарыстоўвалі беларускую мову».

21 красавіка

  • «Нам дарагая нашая выразная мова, якую трэба берагчы, вывучаць, разьвіваць. Нам пакінутая ў спадчыну гераічная гісторыя, якую неабходна памятаць і напаўняць новымі зьдзяйсьненьнямі, каб з годнасьцю перадаць наступным пакаленьням беларусаў. Гэта каштоўныя складнікі, якія дазваляюць не згубіцца сярод мноства нацыяў і народнасьцяў, адчуваць сябе адзінай самабытнай сям’ёй, шанаваць сваю свабоду і незалежнасьць».

20 красавіка

  • «Тое, што беларускую мову не забываем — так і павінна быць».
  • «Гэта добра, што ў беларусаў ёсьць свая мова. Чаго нас у гэтым папракаць? Хоць у нас пераважная большасьць людзей размаўляе на расейскай мове, і ў побыце ў нас мова зносінаў расейская. Але падкрэсьліваю — гэта не «российская» мова. Гэта наша агульная з вамі мова, якую мы стваралі гадамі. Яна ўдасканальваецца, разьвіваецца, як жывая тканка. І мы разам з вамі нямала ўклалі ва ўдасканаленьне гэтай мовы».
  • «Мы ніколі ад яе не адмовімся. Але ёсьць у нас свая нацыянальная беларуская мова, родная мова беларусаў. Яе ведаюць і многія беларусы, якія жывуць за межамі нашай краіны. Таму тут усё нармальна і ўсё пад кантролем».

3 лютага

[пераходзіць з расейскай на беларускую і назад]

  • «Вот этот русский язык, на каторым мы размаўляем, расіяне размаўляюць...»
  • «Вы мою точку зрения по поводу языков — белорусского, русского и других — уже, наверное, на память знаете. Я очень аккуратно отношусь к этому вопросу. И, слава Богу, что это не стало у нас в обществе каким-то камнем преткновения. А могло быть, исходя из политики, которую проводил тот Верховный Совет, в котором мы служили с Иосифом Павловичем (Сярэдзічам, рэдактарам газэты „Народная воля“ і дэпутатам Вярхоўнага савету 12 скліканьня — РС) в свое время».
  • «Тогда уж слишком был политизирован этот вопрос, и я считаю, хорошо, что мне удалось все-таки как-то погасить в обществе накал этого спора по языкам. Не будем к этому возвращаться. Пока я президент, я не допущу того, чтобы мы друг друга костыляли по языковой проблеме и делили людей по тому, знаешь ты белорусский язык или ты его не знаешь. Гэтага ня будзе, пакуль я прэзыдэнт. Плохо это или хорошо — время покажет».
  • «Только я вот против того, чтобы некоторые люди щеголяли беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я болей беларускі. Ну ня трэба!»
  • «Пройдет время, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Но я вас заклинаю и прошу: не отказывайтесь от русского языка. Потому что вы откажетесь от своего, родного. Вы кому-то подарок сделаете».
  • «Русский язык — это великое и это наше. Я же вам рассказывал пример, когда мне Владимир Владимирович Путин говорит: спасибо тебе за то, что ты так относишься к русскому языку. Я говорю: это наш язык, он у нас государственный наравне с белорусским. Белорусский — потому что мы нация. Это признак нации, поэтому у нас есть белорусский язык. Но мы богаче, чем вы, потому что мы знаем два языка: белорусский и русский».