Адстаем ад Швэцыі на 35 год: асобны збор сьмецьця ў Беларусі складае толькі 30%

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ў 2020 годзе плянуецца ўвесьці дэпазытна-закладную сыстэму працы з адходамі шкла, алюмінію і поліэтылену. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі Анатоль Шагун. Мяркуецца, што кожны чалавек пасьля ўжываньня, напрыклад, пэпсі-колы з алюмініевай бляшанкі зможа вярнуць тару праз аўтамат ці пункт прыёму і атрымаць за гэта грошы.

Паводле спадара Шагуна, выдаткі на ўкараненьне гэтай сыстэмы не перавышаюць выдаткаў на асобны збор сьмецьця. Аднак пакуль у Беларусі на асобны збор сьмецьця прыпадае толькі 30% усяго яго аб’ёму. Астатнія 70% ідуць у агульную кучу.

Дэпазытная сыстэма, разьлічваюць экспэрты, дазволіць пры тых жа выдатках падняць сёньняшнія 30% да 80%. Таксама паводле разьлікаў рабочай групы, у Беларусі штогод у абарачэньні знаходзіцца каля 1,8 мільярда шкляных бутэлек і алюмініевых бляшанак. Для ўкараненьня дэпазытна-закладной сыстэмы патрэбны дадатковыя грошы. І гэта найперш затрымлівае яе адкрыцьцё. Карацей кажучы, беларусы зьбіраюцца перайсьці на гэтую сыстэму толькі ў 2020 годзе. У Швэцыі ж яна існуе яшчэ ад 1984-га.

Паводле спадара Шагуна, каб у Беларусі з адходамі і сьмецьцем працавалі на ўзроўні краінаў Эўразьвязу, у галіну трэба штогод укладаць у 2 разы больш грошай, чым гэта робіцца цяпер.