У «Весбарыі» і «Лубеніі» пачаліся манэўры NATO

Вайскоўцы NATO на вучэньнях у Польшчы, чэрвень 2017

18 верасьня пачаліся тыднёвыя вучэньні баявой групы сілаў перадавога базаваньня NATO ў Літве.

Як паведаміла Міністэрства абароны Літвы, нідэрляндзкія вайскоўцы будуць адпрацоўваць апэрацыі па абароне і спыненьні наступу праціўніка.

Вучэньні працягнуцца да 23 верасьня.

«Вучэньні пройдуць у асноўным толькі ў дзённы час, выкарыстоўвацца будуць імітацыйныя боепрыпасы. Вайскоўцы паведамляюць, што вучэньні не закрануць паўсядзённага жыцьця жыхароў, яны пастараюцца стварыць як мага менш нязручнасьцяў», — адзначылі ў міністэрстве.

У баявую групу Батальёну перадавога базаваньня NATO ўваходзяць вайскоўцы з 13-ай лёгкай брыгады арміі Нідэрляндаў. У Літву нідэрляндзкія вайскоўцы даставілі ўсю прызначаную для падразьдзяленьня тэхніку — баявыя машыны пяхоты «Boxer» і машыны разнастайнага прызначэньня «Fennek».

У легендзе сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017», якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, тэрыторыя Літвы пазначаная як «Лубенія» і «Весбарыя».