Мінабароны Расеі назвала правакацыяй відэа абстрэлу гледачоў на вучэньнях «Захад-2017»

Расейскі верталёт Ка-52

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што абстрэлу гледачоў на вучэньнях «Захад-2017» не было. Паводле Мінабароны, зьняты на відэа інцыдэнт адбыўся ў іншы час і ў іншым месцы. Пазьней Мінабароны прызнала, што памылковы запуск ракеты сапраўды адбыўся, але, паводле вайсковага ведамства, «шматлікіх параненых» не было.

«Сыстэмай навядзеньня аднаго зь верталётаў быў зьдзейсьнены памылковы захоп цэлі. У выніку трапляньня некіраванай ракеты атрымаў пашкоджаньні адзін з грузавых аўтамабіляў безь людзей,» — цытуе агенцтва ТАСС прэсавую службу Заходняй вайсковай акругі Расеі.

Пра тое, што на вучэньнях «Захад-2017» баявы верталёт выпадкова даў залп па натоўпе гледачоў і ёсьць цяжкапараненыя, паведаміў расейскі партал 66.ru. Паводле парталу, праз збой ваеннай тэхнікі два чалавекі апынуліся ў шпіталі пасьля таго як на палігоне «Лужский» пад Санкт-Пецярбургам адбыўся выпадковы пуск ракет клясу «паветра-зямля» зь верталёта Ка-52.

Дасьледчая група Conflict Intelligence Team апублікавала копію дакумэнту, зь якога вынікае, што памылковы запуск адбыўся 16 верасьня. Пацьверджаньня сапраўднасьці гэтага дакумэнту зь іншых кріынцаў няма.

На тым самым палігоне 7 верасьня гарматным стрэлам з танка параніла пяць вайскоўцаў, а 20-гадовы салдат тэрміновай службы загінуў.

Як паведаміў Свабодзе прадстаўнік Мінабароны Беларусі Ўладзімер Макараў, пазаштатных сытуацыяў на тэрыторыі Беларусі на працягу вучэньняў не было.