КНДР гатовая зьбіваць амэрыканскія бамбавікі ў міжнароднай паветранай прасторы

Амэрыканскі бамбавік B-1B Lancer

Міністар замежных справаў Паўночнай Карэі Лі Ён Хо ў панядзелак заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў вайну Паўночнай Карэі, і што Пхэньян пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ, у тым ліку зьбіваць амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі, нават калі яны будуць знаходзіцца за межамі паветранай прасторы краіны.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Раней у панядзелак міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што калі Паўночная Карэя выканае сваю (выказаную раней) пагрозу і правядзе выпрабаваньне вадароднай бомбы, то гэта будзе праявай «шакавальнай» безадказнасьці.

У суботу міністар замежных справаў Паўночнай Карэі заявіў, што яго краіна можа правесьці выпрабаваньне вадароднай бомбы над Ціхім акіянам.

Гэта заява прагучала пасьля таго, як на мінулым тыдні прадстаўнікі Паўночнай Карэі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абмяняліся сэрыяй пагрозаў, выступаючы на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Назваўшы паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына «ракетчыкам» з самазабойчай місіяй, Трамп ў сваёй прамове ў ААН перасьцярог Пхеньян, заявіўшы, што цяперашні курс Паўночнай Карэі прывядзе да поўнага яе зьнішчэньня.

Кім Чэн Ын, у сваю чаргу, назваў Трамп «старым, які выжыў з розуму», паводзіны якога сьведчаць аб «разумовай хваробе». Паўночнакарэйскі міністар замежных справаў на пасяджэньні Генасамблеі ў пятніцу таксама выступіў з сэрыяй абразаў на адрас Трампа, на якія прэзыдэнт ЗША адказаў у «Твітэры».