Алан Дункан сустрэўся ў Менску з прадстаўнікамі апазыцыі

Алан Данкан

Дзяржаўны міністар у справах Эўропы і Амэрыкі МЗC Вялікай Брытаніі Алан Дункан падчас візыту ў Менск сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.

У сустрэчы бралі ўдзел Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду»), Віталь Рымашэўскі (БХД), Павал Севярынец (БХД), Сяргей Калякін («Справядлівы сьвет»), Тацяна Караткевіч («Гавары праўду»), дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ).

Аляксей Янукевіч назваў «вельмі каштоўным» тое, што Алан Дункан сустракаўся з прадстаўнікамі ня толькі ўлады, але і дэмакратычнай апазыцыі.

«Так, вельмі важна разьвіваць абумоўлены дыялёг зь беларускімі ўладамі, каб пытаньні грамадзянскіх і палітычных свабодаў былі высока ў гэтым парадку дня. І я спадзяюся, што гэтае наша пасланьне было пачутае і зафіксаванае, — сказаў старшыня Партыі БНФ карэспандэнту Свабоды. — Але важна разумець, што Расея, асабліва з 2014 году, вельмі актыўна стварае пракрамлёўскую інфраструктуру ў Беларусі ў абыход Лукашэнкі. Вельмі вялікія высілкі яна прыкладае на працу непасрэдна зь беларускім грамадзтвам, на змаганьне за розумы беларусаў. І гэтае змаганьне знаходзіцца на піку свайго драматызму».

Паводле Янукевіча, ня трэба рабіць стаўку на тое, што праз дыялёг атрымаецца неяк паўзьдзейнічаць на Лукашэнку і праз гэта на беларускае грамадзтва.

«А працуючы з урадам, неабходна таксама пашыраць працу зь беларускім грамадзтвам. Дзеля таго каб дэмакратычная супольнасьць, калі ў нас будуць адбывацца свабодныя, сапраўдныя выбары, была гатовая і здольная супрацьстаяць гэтай агрэсіўнай інфармацыйнай хвалі з боку „русского мира“ і прарасейскім сілам, якія тут будуць неўзабаве сфармаваныя».

А працуючы з урадам неабходна таксама пашыраць працу зь беларускім грамадзтвам

Паводле Янукевіча, ён таксама казаў на сустрэчы з брытанскім міністрам пра тое, што важна дапамагчы беларусам абараніць свой выбар на карысьць свабоды, калі Крэмль не захоча адпусьціць Беларусь з зоны свайго ўплыву.

«Я цешуся, што паводле рэакцыі сэра Алана было зразумела, што ён успрыняў гэтае пасланьне. Я лічу важным вынікам, што зь Беларусі брытанскі міністар зьяжджае, у тым ліку пачуўшы пра выклікі і пагрозы, якія стаяць сёньня перад дэмакратычнымі арганізацыямі, зь якімі сутыкаецца Беларусь і ўвесь рэгіён перад абліччам узрастаньня расейскага імпэрыялізму».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Аланам Дунканам заклікаў афіцыйны Лёндан больш актыўна інвэставаць у беларускую эканоміку — маўляў, у вас там «маса вольных грошай». Прапанаваў вызначыць 3-4 значныя пілётныя эканамічныя праекты і рэалізаваць іх.

Камэнтуючы гэтыя выказваньні Лукашэнкі, на сустрэчы з Аланам Дунканам Анатоль Лябедзька сказаў, што «без сумленных, свабодных выбараў па стандартах АБСЭ ня будзе ні незалежнага суду, ні прынцыпу падзелу ўладаў, ні рынкавай эканомікі».

Укладваць рэсурсы ў сумесныя праекты з уладай, якая сама сябе прызначае, – гэта значыць гуляць у рускую рулетку

«То бок укладваць рэсурсы ў сумесныя праекты з уладай, якая сама сябе прызначае, ні перад кім не дае справаздачы, — гэта значыць гуляць у рускую рулетку».