Белсат: Беларусь узбройвае і рыхтуе сырыйскіх паўстанцаў для барацьбы з «Ісламскай дзяржавай», Асадам і Расеяй

Баец Сырыйскай свабоднай арміі пускае супрацьтанкавую ракету па ўрадавых сілах.

Паводле расьсьледаваньня, якое правёў тэлеканал «Белсат», з 2015 году сырыйскія паўстанцы ваююць з «Ісламскай дзяржавай» і Башарам Асадам з дапамогай беларускай зброі, якая трапляе да іх пры пасярэдніцтве Баўгарыі і ЗША.

Паводле Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру SIPRI, у 2015-м Беларусь паставіла ў Баўгарыю супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Конкурс» больш як на 100 млн. даляраў. Баўгарыя, буйны вытворца і экспарцёр зброі, вымушаная набываць зброю ў іншых краінах, бо не дае рады самастойна задаволіць попыт на яе.

Улічваючы заблытаныя дачыненьні паміж сырыйскімі паўстанцкімі групоўкамі, Вашынгтон мусіць разумець, што частка пастаўленай ім зброі можа ў нейкі момант быць павернутая супраць амэрыканцаў або іхных саюзьнікаў. Таму стаіць задача закупляць для паўстанцаў такія ракетныя комплексы, якія б пасьпяхова зьнішчалі сырыйскія танкі, але не маглі б нанесьці істотнай шкоды арміі ЗША ці іх саюзьнікаў. Беларускія «Конкурсы», на думку адмыслоўцаў, ідэальна для гэтага падыходзяць.

У 2015 годзе, калі Злучаныя Штаты вырашылі перайсьці ад рыхтаваньня ўласных правераных сырыйскіх дэмакратычных войскаў да падтрыманьня любых груповак, што змагаюцца як з Асадам, гэтак і з «Ісламскаю дзяржаваю», Беларусь пры пасярэдніцтве Баўгарыі пачала прадаваць ім супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Конкурс» на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод.