Журналіста Жукоўскага пакаралі дзясятым за год буйным штрафам

Кастусь Жукоўскі

Гомельскі раённы суд пакараў 3 кастрычніка журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага штрафам у 50 базавых велічыняў (1150 рублёў).

«На суд я не хадзіў, бо няма сэнсу штосьці тлумачыць: вынік адзін — штраф. Сакратарка суду паведаміла, што пакараньне мне вынесла судзьдзя Тамара Застаўнецкая паводле двух пратаколаў, складзеных міліцыяй на падставе часткі 2 артыкула 22.9 — за сюжэты на „Белсаце“ пра падзёж сьвіней у гаспадарках Гомельскага раёну», — сказаў Жукоўскі.

Адзін зь відэасюжэтаў распавядаў пра падзёж сьвіней на комплексе «Добрая хрюшка» ў вёсцы Зялёныя Лукі Гомельскага раёну. Падчас здымкаў ахоўнік сьвінакомплексу абпырскаў Жукоўскага хімікатамі, пасьля чаго той правёў ноч у таксыкалягічным аддзяленьні шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі.

Нападніка да адказнасьці ніхто не прыцягваў, а фрылансэра аштрафавалі. Сёлета гэта ўжо дзясяты штраф Жукоўскаму за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат». Агульная сума штрафаў склала 8855 рублёў.