Расстраляныя літаратары. Міхась Зарэцкі, творамі якога энкавэдысты спачатку зачытваліся, а потым катавалі і забілі яго

Міхась Зарэцкі

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы ўспамінаем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Ягонай моцнай волі зайздросьціў Алесь Дудар: «...Міхася цяжка зьбіць зь яго пазыцыі, /.../ ён туга паддаецца ўсякаму пералому». Творы Зарэцкага, асабліва аповесьць «Голы зьвер», былі настолькі папулярнымі, што кнігі выкрадалі зь бібліятэк, пра што ўспамінаў Масей Сяднёў: «...у бібліятэцы толькі і чуеш: „Голы зьвер“ Зарэцкага ёсьць?». Калі гэтыя кніжкі знаходзіліся ў шафе забароненых твораў, іх кралі. Ніякія меры не памагалі. /.../ Яго чыталі ахвотней, чым каго іншага зь беларускіх празаікаў».

Вокладка аповесьці «Голы зьвер». 1926 год

Лічыў, што на ягоную творчасьць найбольш паўплываў бацька — свабодалюбівы дзяк са скандальным характарам

«Маё /.../ дзяцінства /.../ пакінула рад уражаньняў, зьвязаных з /.../ бесшабашным характарам /.../ бацькі. Сямейныя непаразуменьні чаргаваліся са службовымі „эксцэсамі“. У дачыненьні да /.../ начальства /.../ бацька вёў сябе надзвычай /.../ незалежна /.../. Некалькі разоў яму даводзілася /.../ адбываць „ссылку“ ў якім-небудзь манастыры. Увогуле „вайна“ зь людзьмі, ад якіх ён залежаў, прайшла яркай ніцьцю праз усё жыцьцё /.../ бацькі». («Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў». Менск, 1963).

Міхась Зарэцкі

У 17 гадоў меў самую «неганаровую» прафэсію

«...Маё выступленьне на сцэне самастойнага жыцьця было ў ролі царкоўнага вартаўніка. /.../ гэта роля мне не /.../ падабалася, таму што выклікала /.../ пагардлівыя /.../ адносіны да мяне з боку /.../ насельніцтва. Царкоўны вартаўнік, як і пастух, самыя неганаровыя асобы ў вёсцы...» («Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў». Менск, 1963).

Вокладка кнігі «Пад сонцам». 1925 год

Стаў пісьменьнікам дзякуючы незвычайнаму сну

«Першае апавяданьне я напісаў у канцы 1921 году. Мы стаялі за Полацкам у /.../ глухой вёсачцы. Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. /.../ Справа пачалася з таго, што я /.../ убачыў /.../ яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала /.../ на працягу /.../ месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і я стаў пісаць». («Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў». Менск, 1963).

Дзеці пісьменьніка Слава і Рада. 1929 год

Дзеля грошай друкаваў расейскамоўныя тэксты

«...Я спрабаваў пісаць і па-руску спэцыяльна, па заказу /.../ апавяданьні для віцебскага часопіса „Вестник кооперации“, але пісаў іх, прызнаюся, з выключнай мэтаю зарабіць, таму што плаціў гэты часопісік нечувана дорага ў параўнаньні зь беларускай газэтай — дзьве капейкі золатам за радок (гэта ў пачатку 1923 года). („Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў“. Менск, 1963).

Вокладка кнігі Швартэ „Стралковая зброя“, 1934 год, у перакладзе Міхася Зарэцкага

Чэскія крытыкі лічылі яго аўтарам першага беларускага раману

„Сокі цаліны“ [эпапея Цішкі Гартнага. — В. Дэ Эм.] павінны былі б зьявіцца першым беларускім раманам. /.../ Аднак ён застаецца няскончаным — і гонар напісаньня першага беларускага раману выпаў на долю Міхася Зарэцкага („Сьцежкі-дарожкі“ /.../). Зарэцкі здабыў сабе /.../ пачэснае месца». («Новая беларуская літаратура». Перадрук з артыкулу чэскага выданьня Prager presse. 1927, № 346, 17-га сьнежня. // Літаратурны дадатак да газэты «Савецкая Беларусь» 1928, № 2. 15-га лютага).

Міхась Чарот, Зьміцер Жылуновіч, Янка Купала, Міхась Зарэцкі сярод студэнтаў у Празе. 1925 год

Анатоль Вольны захапляўся яго ўменьнем не згінацца пад агнём крытыкі

«...Крытыкі клапоцяцца аб Зарэцкім /.../ Паходзяць, паходзяць /.../, а потым як крытыкнуць разок-другі /.../: „А, так ты зноў пішаш... Не пасьпелі цябе ўгробіць, дык ты яшчэ і за раман узяўся“. Так /.../ крытыкавалі Міхася Зарэцкага. Другі б слабейшы можа і паддаўся. Але гэты ўпарты беларус не паддаецца і з кожным годам піша ўсё новае і новае для Беларусі». (Алёша. «Літаратурныя сілуэты. Міхась Зарэцкі». // Літаратурны дадатак да газэты «Савецкая Беларусь» 1928, № 11. 30-га чэрвеня).

Міхась Зарэцкі (першы зьлева). 1925 год

Яго раздражняла, калі беларускія дзяўчаты сьпявалі расейскія песьні

«... Зь якой тупой стараннасьцю выводзілі яны „Накину плащ“, „Ах, зачем эта ночь“ і іншую дрэнь. /.../ Я падумаў: дакуль мы будзем жыць гэтым пазадзьдзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам „преподносили“ нам /.../ суседзі і якое мы прымалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем зьбіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб’едкі?» (Зарэцкі М. «Падарожжа на новую зямлю». / Збор твораў. У 4 т. Т. 4. Мінск, 1992).

Студыя «Маладняка». У першым радзе (зьлева направа): В. Казлоўскі, М. Дубіцкі. У другім радзе: П. Глебка, Н. Вішнеўская, М. Зарэцкі, С. Дарожны. У трэцім радзе: П. Герман, Я. Жук, З. Бандарына, М. Лужанін

Лічыў айчынны тэатар больш прымітыўным за ўкраінскі

У 1929 г. пісаў: «Тэатар Франка ўкраінскія таварышы /.../ раўнуюць з БДТ-1. Гэта параўнаньне мае пад сабой пэўную падставу, масавасьць, блізасьць да запатрабаваньняў сучаснага жыцьця, адсутнасьць асаблівага захапленьня „акадэмізмам“ — усё гэта ўласьціва для абодвух /.../ калектываў. Але гэтае падабенства непрыемна парушае тая дэградацыя ў бок клюбна-агітацыйнага прымітыву, якая /.../ вызначаецца ў працы БДТ-1 /.../. Досыць успомніць /.../ большасьць п’ес Міровіча... Кіеўскі тэатар Франка цьвёрдымі крокамі ідзе наперад і далёкі ад якой бы ні было дэградацыі». (Зарэцкі М. «У сэрцы Савецкай Украіны». / Збор твораў. У 4 т. Т. 4. Мінск, 1992; Міхась Зарэцкі. «Чым пагражае нам Белдзяржкіно». // Савецкая Беларусь 1928, № 254, 2-га лістапада.

Міхась Зарэцкі зь сябрамі ў Гурзуфе. 13 лістапада 1925 году

На прыкладзе гарбароў захапляўся дружнасьцю ўкраінцаў

«Гарбар-украінец прыносіць у наш край /.../ цьвёрдую жалезную дружнасьць, жорсткую таварыскую дысцыпліну. [Яны] заўсёды /.../ адзін аднаго падтрымліваюць усюды, дзе трэба і дзе ня трэба; яны не па адным, а калектыўна здабываюць сабе гарэлку... Калектыўна яе расьпіваюць і калектыўна запэўняюць начальства, што яны, апрача чаю, /.../ нічога не пілі». (Зарэцкі М. Падарожжа на новую зямлю. / Збор твораў. У 4 т. Т. 4. Мінск, 1992).

Вокладка ўкраінскага перакладу раману «Сьцежкі-дарожкі». 1930 год

Улады пасварылі яго з Уладзімерам Дубоўкам, каб яны не стварылі супольнага літаратурнага аб’яднаньня

«...Увосень 1925 году, /.../ пасьля выхаду зборніка „Трысьцё“, Уладзімер Дубоўка ўсьведаміў неабходнасьць разрыву з „Маладняком“ і ўтварэньня новага /.../ згуртаваньня /.../ Першым далучыўся /.../ Зарэцкі /.../. Абодва пісьменьнікі пачалі шукаць аднадумцаў і адразу знайшлі іх у асобах Язэпа Пушчы і Нічыпара Чарнушэвіча. Арганізацыйныя захады ініцыятараў новага згуртаваньня прыцягнулі ўвагу партыйцаў, і пачаліся спробы пасварыць „змоўнікаў“ міжсобку. Гэта /.../ удалося...» (Антон Адамовіч. «Cупраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917-1957)». / «Да гісторыі беларускае літаратуры». Менск, 2005).

Жонка пісьменьніка Мар’я Касянкова (са збору твораў М.Зарэцкага, т. 4)

На ягоны клясычны твор «Камсамолка» напісалі пародыю з гомасэксуальнай афарбоўкай

Гэтым адзначыліся Анатоль Вольны (Алёша) і Лявон Савёнак (Свэн):

...О, Керанскі — кручынавая радасьць мая!..
Я памятую яго...
Я ўяўляю яго абавязкова дзяўчынай.
О, каб ён быў камсамолкай...
Чаму камсамолкай, ня ведаю!.. Я такі
захоплены!..
О, Керанскі — кручынавая радасьць мая!
Твае дзівосна яркія формы я памятую...
Я ўсё памятую!..
........................................................
Мне раптоўна зрабіўся прыкрым гэты млявы твар Керанскага, гэты мяккі мяшчанскі уют.
О, каб ён быў камсамолкай!

(Алёша, Свэн. «Люты ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў. Як бы гэта выглядала, каб беларускія пісьменьнікі пісалі аб Лютаўскай рэвалюцыі». // Савецкая Беларусь 1927, № 59 Субота, 12-га сакавіка).

Лічыў, што яго знарок кепска перакладалі на расейскую мову, каб скампрамэнтаваць

«...Я даў згоду на друкаваньне ў газэце „Рабочий“ у скарочаным выглядзе майго раману „Сьцежкі-дарожкі“. З першых жа дзён друкаваньня я зьвярнуў увагу рэдакцыі на некаторыя недахваты ў якасьці перакладу, і рэдакцыя /.../ згадзілася. Пасьля таго мне давялося паехаць на паўтара месяца ў Заходнюю Эўропу, і я ня меў магчымасьці сачыць за далейшым перакладам. Прачытаўшы цяпер зьмешчаныя /.../ часткі раману, я ўбачыў, што як скарачэньне, так і пераклад зроблены страшэнна нядбала і няўмела, у выніку чаго раман страціў свой сапраўдны выгляд. Гэта калечаньне майго твору /.../. Дасягнута /.../ дзікая бяссэнсіца /.../. Я лічу, што падобныя апэрацыі /.../ накіраваны да кампрамэнтацыі мяне як беларускага пісьменьніка ў колах расейскіх чытачоў, і рашуча /.../ пратэстую». (Міхась Зарэцкі. Ліст у рэдакцыю. // «Савецкая Беларусь», 1927, № 244, 26-га кастрычніка).

Міхась Зарэцкі

Пісаў, што беларускія кінематаграфісты хацелі «згвалціць» Якуба Коласа

«[Работнікі беларускага кіно. — В. Дэ Эм.] памкнуліся згвалціць (я хацеў сказаць — уцягнуць) Якуба Коласа. Я сам чуў, як гэты надзвычайна лагодны чалавек лаяўся самымі жорсткімі словамі, калі з яго мастацкай прыгожай аповесьці [«На прасторах жыцьця». — В. Дэ Эм.] зрабілі нейкую вымачаную і высушаную агітку [фільм «Песьня вясны» Уладзімера Гардзіна, 1929 г. — В. Дэ Эм.]. (Міхась Зарэцкі. «Чым пагражае нам Белдзяржкіно». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 254, 2-га лістапада). 23. Мікалай Пашкевіч. Якуб Колас за пісьмовым сталом. 1932 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Быў расчараваны Вэнэрай Мілоскай і ў той жа час захапляўся мастацтвам ню зь Люксэмбургскага музэю

«М. Зарэцкі /.../ ня зразу вынаходзіць усе тыя асаблівасьці вядомага твору невядомага мастака. Ён ходзіць вакол багіні, пераказвае нам словы Г. Гэйне [„...яна выглядае, як Вэнэра Мілоская: вельмі старая, бяз зубоў і зь белымі плямкамі на жоўтай скуры“] і нясьмела засьведчывае лёгкае расчараваньне...» (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. Парыскія музэі — Луўр». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 5, 6-га студзеня); «Я заўважыў, што Галатэі і Сырэны затрымлівалі [Зарэцкага. — В. Дэ Эм] на столькі часу, у які хапала наглядзецца і нацешыцца імі. /.../ Трэба сказаць, што гэты жанр [ню — В. Дэ Эм.] /.../ асабліва густуецца французкімі мастакамі. /.../, якія не прызнаюць ніякіх фігавых лісткоў; гэраіні іх вобразаў у чым маці нарадзіла. /.../ Люксэмбургскі музэй /.../ М. Зарэцкага /.../ да таго захапіў, што наш сябра знарок схадзіў у яго двойчы, каб купіць на ўспамінак альбом яго фотатыпіяў...» (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. Парыскія музэі: Люксэмбурскі, Радэна, Клюні і музэй Рэвалюцыі». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 7, 8-га студзеня).

Міхась Зарэцкі (стаіць у цэнтры) з іншымі пісьменьнікамі. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. 1936 год

У адрозьненьне ад Цішкі Гартнага, быў задаволены недагледжанасьцю Вэрсальскага парку

«У парку /.../ на нас зьвярнула ўвагу яго неахайнасьць і бруднасьць. /.../ Ляжала ламачча, кучы лісьця. Відаць, рука /.../ ня кратала дзікай травы, кустоў, якія напаміналі /.../ дзікі лес. Міжвольна ўспамінаўся /.../ Потздамскі парк. Я не абмінуў, каб ня выказаць розьніцы між французкаю натураю і натураю нямецкай. Але, любячы пярэчаньне, М. Зарэцкі адказаў на маю заўвагу тым, што, па-ягонаму, парк лепі выглядае тады, калі ён прадстаўляе натуру». (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. Вэрсаль». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 14, 17-га студзеня).

Заблытаў беларускіх пісьменьнікаў, калі расказваў пра месца свайго нараджэньня

«Міхась Зарэцкі, абвясьціўшы Магілёў сваёй бацькаўшчынай, мабілізуе ўсе фарбы, каб як мага поўней ахарактарызаваць яго перад намі як адзін з самых прыгожых гарадоў Беларусі. Цяжка было згаджацца ці супярэчыць. /.../ Прыехаўшы на станцыю Талочына, Зарэцкі спыняе нашу ўвагу як на раёне, дзе ён радзіўся. А яшчэ крыху далей, у Шклове праз вакно вагону паказвае нам хатку, у якой добрая маці прывяла яго на сьвет... Я цяпер, праўду кажучы, добра ня ведаю: дзе ж радзіўся М. Зарэцкі?» (Андрэй Александровіч. «„Полымя“ ў Магілёве». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 265, 18-га лістапада). Пра самога Александровіча, калі верыць Анатолю Вольнаму, Зарэцкі выказваўся: «У інтымным жыцьці, як кажа Зарэцкі, [Александровіч] «голос имеет сильный и довольно противный» (Алёша. «Сілуэты маладнякоўцаў». // «Савецкая Беларусь» 1926, № 14 Нядзеля, 17-га студзеня).

Вокладка кнігі «Бацькаў сын». Менск, 1932 год

Ягонымі творамі зачытваліся энкавэдысты

«І ў НКУС Зарэцкага чыталі. Самі следчыя, маючы ў сябе ўсе творы, пакланяліся таленту іх аўтара, называлі яго „увлекательным белорусским романистом“. Але гэта ім ніколькі не перашкаджала мучыць яго на допытах, дамагацца ў яго таго, чаго ён і ня сьніў». (М. Сяднёў. Выбраныя творы. Менск, 2013).

Даведка аб рэабілітацыі Міхася Зарэцкага

Каб здабыць прызнаньні, энкавэдысты прыводзілі да яго жонку і дзяцей

«За „чыстасардэчнае прызнаньне“ Зарэцкаму дазвалялі сядзець на канапе, давалі сустрэчы з сям’ёю, перадачы прыносіла жонка ў пакой сьледчага, і тут Зарэцкі частаваўся хатнімі прысмакамі, сядзеў побач з дачкою і сынам, усьміхнуўся сваёй Марыльцы і нават жартаваў. /.../ Паказаць вось такую ідылію мяне правялі ў суседні пакой, пасадзілі каля дзьвярэй, каб усё бачыў і чуў...» (Грахоўскі С. Выбраныя творы. Менск, 2007).

Міхась Зарэцкі (другі справа) са сваякамі. 1926 год

Хацеў, каб Беларусь нагадвала Нямеччыну

«Мы едзем па Любаньскаму раёну Бабруйскае акругі /.../ каб тут разоў у колькі ўзьняць культуру гаспадаркі, каб правесьці ва ўсе бакі сошы ды абсадзіць іх фруктовымі дрэвамі, каб пабудаваць новыя вёскі — з каменнымі будынкамі, з чырвонымі стрэхамі, з электрычнасьцю, — дык бы гэта мясцовасьць была падобна на Нямеччыну...» (Міхась Зарэцкі. «Падарожжа на новую зямлю». // «Савецкая Беларусь» 1928, № 244, 21-га кастрычніка).

Міхась Зарэцкі сярод пісьменьнікаў-маладнякоўцаў. Сярэдзіна 20-х гадоў

Стараўся кантраляваць свой эмацыйны характар

«...Высокі і стройны, ён быў абавязкова відзён, але не ростам, а іменна вось гэтай сваёй асаблівай манэрай трымацца: і свабодна, і разам з тым скавана. Гаворыць ён весела, ахвоча. /.../ Хоча памагчы сабе жэстамі, але жэсты вельмі ж стрыманыя: увесь час ён як бы нешта круглае сьціскае перад сабою ў далонях. Здаецца, яму цяжка выйсьці зь нейкай засвоенай нормы прыстойнасьці руху. І раптам, забыўшыся /.../, ён раскіне рукі і зарагоча так непасрэдна, што аж прысядзе. Або /.../ возьме дый пачэкаецца на назе. /.../ Стрыманасьць і непасрэднасьць як бы вечна ваююць у ім». (Скрыган Я. Выбраныя творы. Менск, 2005).

Вокладка кнігі «У віры жыцьця». Менск, 1929 год

Аўтар выказвае падзяку Аляксею Стрэльнікаву за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

У межах праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» гурт Re1ikt прэзэнтуе песьню «Пра чорныя вочы», якая напісаная паводле апавяданьня Міхася Зарэцкага. ​