Менскі гарадзкі суд паставіў кропку ў справе аб страляньні міліцыянта ў чалавека ў навагоднюю ноч

Андрэй Гаўраш з маці пасьля суду

6 кастрычніка апэляцыйная калегія Менскага гарадзкога суду разгледзела скаргу менчука Андрэя Гаўраша і ягонага адваката на прысуд Маскоўскага раённага суду.

2 жніўня Маскоўскі раённы суд прызнаў Андрэя Гаўраша вінаватым у аказаньні супраціву міліцыянту з пагрозай гвалту і прысудзіў да 5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня. Менчук Андрэй Гаўраш, якога параніў міліцыянт Руслан Салаўёў у навагоднюю ноч, з прысудам не пагадзіўся і падаў скаргу ў гарадзкі суд.

Адвакат Гаўраша Ганна Станкевіч лічыць, што суд першай інстанцыі вынес яму прысуд, які ня быў заснаваны на доказах. У апэляцыйнай скарзе адвакат спаслалася на экспэртнае заключэньне, якое знаходзіцца ў матэрыялах справы.

Паводле экспэрта, трэці стрэл у Гаўраша, які трапіў яму ў сьпіну, пацярпелы міліцыянт Салаўёў зрабіў не пры тых абставінах, пра якія ён расказаў сьледчым. Ня зь некалькі мэтраў, а з 3-4 сантымэтраў. Але суд першай інстанцыі гэта праігнараваў. Паводле адваката, паказаньні сьведак-міліцыянтаў на судзе былі супярэчлівымі і не дапамагалі высьветліць, як пачынаўся канфлікт паміж Гаўрашам і Салаўёвым.

На думку адваката, у дзеяньнях Андрэя Гаўраша ад пачатку не было адміністрацыйнага парушэньня, бо ён проста шумна адзначаў у сваёй кватэры Новы год, што ёсьць звычайнай з’явай.

«Міліцыя адразу не мусіла ставіцца да сыгналу пра шум з кватэры Гаўраша як да прыкметы адміністрацыйнага парушэньня, бо гэта было прынятае адзначэньне сьвята. Ад таго памылковага стаўленьня і пачаўся канфлікт», — мяркуе адвакат.

Таксама яна зьвярнула ўвагу судзьдзяў на тое, што ад моманту здарэньня да прыезду лекараў на выклік прайшло паўгадзіны, за якія пацярпелы мог кантактаваць зь іншымі міліцыянтамі, каб узгадніць свае паказаньні. На думку адвакаткі Ганны Станкевіч, пацярпелы міліцыянт Руслан Салаўёў агаварыў Гаўраша з кар’ерных мэтаў, а таксама з той прычыны, што яму самому пагражала крымінальная адказнасьць за неправамернае ўжываньне зброі супроць Андрэя Гаўраша.

Між тым пракурор Алена Крупеніна заявіла, што прысуд Андрэю Гаўрашу быў вынесены справядліва, паказаньні пацярпелага Руслана Салаўёва былі пасьлядоўнымі, да таго ж іх пацьвердзілі іншыя сьведкі. Некаторыя супярэчнасьці ў паказаньнях Салаўёва пракурор назвала неістотнымі і патлумачыла іх тым, што ад здарэньня прайшло шмат часу, за які асобныя дэталі маглі забыцца. На думку пракурора, заключэньне экспэрта пра тое, што трэці стрэл быў зроблены пры іншых абставінах, чым кажа пацярпелы, ня мае істотнага значэньня для вызначэньня віны Андрэя Гаўраша.

«Ужываньне зброі адбылося ўжо пасьля таго, як Гаўраш учыніў злачынства», — мяркуе пракурор.

Андрэй Гаўраш пасьля разгляду ягонай апэляцыі заявіў, што яшчэ ня вызначыўся, ці будзе далей падаваць скаргі на прысуд, хоць па-ранейшаму зь ім нязгодны.

«Вы ж усё бачыце, што тут каментаваць», — сказаў Андрэя Гаўраш.

Андрэй Гаўраш зноў працуе на заводзе «Керамін», дзе працаваў да інцыдэнту, які адбыўся 1 студзеня.

«На заводзе мяне людзі падтрымалі, усе разумеюць, што папраўдзе тады адбылося. Дзякуй усім, хто мяне падтрымліваў і падтрымлівае, у тым ліку ў інтэрнэце», — сказаў Андрэй Гаўраш і дадаў, што «ўсё ж зрабіў пэўную выснову з той гісторыі і для сябе, каб такое больш не паўтаралася».

1 студзеня 2017 году Андрэя Гаўраша на лесьвічнай пляцоўцы каля ягонай кватэры двойчы параніў міліцыянт Руслан Салаўёў, які прыехаў разьбірацца са скаргай суседзяў, што ў кватэры Гаўраша вельмі гучна адзначаюць Новы год. Паводле Салаўёва, гэта Гаўраш агрэсіўна адрэагаваў на заўвагу і аказаў супраціў, чаму ён мусіў ужыць зброю. Між тым Андрэй Гаўраш настойвае, што міліцыянт перавысіў свае паўнамоцтвы і неправамерна ўжыў зброю. Пасьля здарэньня Андрэя Гаўраша зьмясьцілі ў шпіталь з двума раненьнямі, пулі трапілі яму ў нагу і сьпіну.

На разгляд касацыйнай скаргі Гаўраша міліцыянт Салаўёў не зьявіўся.