Мінабароны пра подпісы за адстаўку міністра: «Вінаватыя непазьбежна панясуць пакараньне»

Уладзімер Макараў

Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў адказаў на просьбу Свабоды пракамэнтаваць распачаты ў інтэрнэце збор подпісаў за адстаўку міністра Андрэя Раўкова з прычыны трагічнай гібелі вайскоўца ў Барысаве.

«Пазыцыя Міністэрства абароны наконт усіх гэтых падзей выкладзеная на афіцыйным сайце. Грамадзкасьць павінна ведаць, што вінаватыя ў правапарушэньнях непазьбежна панясуць пакараньне ў адпаведнасьці з законам. Таму паглядзіце паведамленьні на афіцыйным сайце, якія апублікаваныя і будуць апублікаваныя», — сказаў Уладзімер Макараў.

Збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова ў сувязі са сьмерцю салдата Аляксандра Коржыча ў Печах працягваецца на сайце Zvarot.by. На 14 гадзін 13 кастрычніка пад зваротам падпісаліся 9150 чалавек.

Праваабаронца і юрыст Алег Мацкевіч падаў заяўку ў Барысаўскі райвыканкам на правядзеньне пікету з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ўсіх вінаватых у сьмерці Аляксандра Коржыча. Заяўнік плянуе правесьці пікет насупраць будынка паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.

21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандар Коржыч, прызваны на службу менш як паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканьні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі трагедыі сьледзтва назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую вэрсію ня вераць.

Па факце сьмерці, якая выклікала шырокі рэзананс у грамадзтве, распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб парушэньні статутных правілаў узаемаадносін вайскоўцаў («дзедаўшчыне»), якое мела цяжкія наступствы.