Статкевіч рыхтуе «Марш абураных беларусаў» супраць бязьмежжа ў войску

Мікалай Статкевіч

Мікола Статкевіч праінфармаваў Менгарвыканкам аб правядзеньні 21 кастрычніка а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сталіцы «Маршу абураных беларусаў 2.0». Гэта не падача заяўкі ў звыклым пісьмовым выглядзе, а менавіта паведамленьне, якое Статкевіч накіраваў па электроннай пошце і зарэгістраваў на сайце Менгарвыканкаму, сказаў палітык Свабодзе.

Такую форму адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу абраў таму, што «ранейшы досьвед паведамленьняў у Менгарвыканкам аб плянаваных мірных сходах паказаў нежаданьне ўладаў прытрымлівацца заканадаўства і міжнародных абавязаньняў, узятых на сябе нашай краінай. Таму прапаную выканаць патрабаваньні Канстытуцыі і гарантаваць бесьперашкоднае і бясьпечнае правядзеньне масавага мерапрыемства».

Калі раней плянавалася падчас акцыі абмяркоўваць збольшага эканамічныя пытаньні, то цяпер дадалася яшчэ адна вострая праблема, зьвязаная з гібельлю салдата ў Печах, патлумачыў Свабодзе Мікола Статкевіч.

«Спачатку мы плянавалі акцыю супраць зьбядненьня народу. Але цяпер прапануем і яшчэ адну тэму — бязьмежжа ў войску. Праблема дзедаўшчыны ў войску хвалюе і моладзь, і іх бацькоў. І трагічны выпадак у Печах узрушыў беларускае грамадзтва. Кожны ахвотны можа прыходзіць са сваім плякатам», — сказаў палітык.

На пытаньне Свабоды, ці далучацца да акцыі, якую ладзіць Беларускі нацыянальны кангрэс, іншыя палітычныя сілы, Мікола Статкевіч адказаў, што тыя, хто рэальна хоча змагацца, аб’ядналіся ў БНК, асабліва ў рэгіёнах.

«Усё жывое — тут, у Беларускім нацыянальным кангрэсе. А ёсьць яшчэ так званая „пакаёвая апазыцыя“, якая пачала выпаўзаць на вуліцу, калі каралі ў асноўным штрафамі, а штрафы аплачвалі праваабаронцы. А цяпер, калі лідэрам пачалі даваць рэальныя суткі — яны зноў сталі „пакаёвай апазыцыяй“. Але, спадзяюся, у Беларусі знойдуцца мужчыны, якія не пабаяцца выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, — кажа Статкевіч. — Нягледзячы на тое, што большасьць нашых лідэраў затрыманая, што на мне таксама „вісяць“ яшчэ пяць сутак, спадзяюся, нам удасца правесьці чарговы „Марш абураных беларусаў“».