Зьнічы ахвярам рэпрэсіяў каля КДБ не прастаялі і 10 хвілінаў. ФОТАФАКТ

Адразу пасьля заканчэньня акцыі да сядзібы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі прыехалі прадстаўнікі камунальнай службы і ачысьцілі ўваход у будынак ад зьнічоў.

Тры дзясяткі зьнічоў запалілі ўдзельнікі жалобнай акцыі, якую ладзіў у цэнтры Менску Мікола Статкевіч. Людзі выйшлі да месца расстрэлаў НКВД прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі з партрэтамі закатаваных і зьнічамі.

Жалобнае мерапрыемства працягвалася больш за гадзіну.

Пасьля заканчэньня акцыі, цягам некалькіх хвілінаў, да ганку КДБ прыбылі камунальшчыкі. Яны ачысьцілі прыступкі ад зьнічоў, перашкаджаючы фотакаспандэнту Свабоды здымаць іх дзеяньні.